Кардынал Піцабала: нельга маўчаць пра тое, што адбываецца ў Газе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал П’ербатыста Піцабала прызнаўся, што адчувае пачуццё глыбокай бездапаможнасці і расчаравання з-за сітуацыі ў Сектары Газа, але імкнецца заставацца спакойным і свабодным, каб не стаць інструментам палярызацыі. На яго думку, не варта станавіцца на бок ніводнага лагера, але трэба ясна казаць пра жахлівыя наступствы вайны.
“Не ўсё чорнае ці белае, гэта відавочна. Відавочна, што існуе інструменталізацыя. Відавочна, што ў Ізраіля ёсць прычыны... Аднак яны ніякім чынам не могуць апраўдаць тое, што адбываецца ў Газе. Гэта трэба сказаць”, - падкрэсліў іерарх. Ён адзначыў непрапарцыйнасць паміж атакай 7 кастрычніка і адказам Ізраіля. “Я лічу, што гэта відавочна, і пра гэта нельга маўчаць”, - дадаў ён.
Праект “два народы – дзве дзяржавы”, хаця і неабходны, выглядае ўсё больш далёкім і рызыкуе застацца дэкларатыўным. Кардынал Піцабала падкрэсліў, што палесцінцы маюць права на прызнанне сваёй дзяржаўнасці. "Касцёл ужо даўно прызнаў палесцінскую дзяржаву. Гэта важныя жэсты. Палесцінцам патрэбна чалавечая падтрымка, але іх таксама трэба прызнаць у іх годнасці як народа. І яны патрабуюць, каб іх прызналі дзяржавай", - адзначыў ён.
Іерарх нагадаў пра неабходнасць адрозніваць ізраільскі ўрад ад грамадства і яўрэйскага народа. “Цяперашні ўрад Ізраіля не прадстаўляе ні ўвесь яўрэйскі народ, ні ўсё ізраільскае насельніцтва. Праходзяць масавыя дэманстрацыі супраць урада: ізраільскае грамадства падзялілася ў пытаннях вайны, урада, закладнікаў”, - сказаў кардынал Піцабала, перасцерагаючы ад абагульненняў.
На пытанне аб тым, што могуць зрабіць людзі на Захадзе, іерарх адказаў, што важна маліцца, праводзіць малітоўныя сустрэчы, праяўляць салідарнасць, не быць інструментамі “мовы нянавісці”, але выкарыстоўваць словы, якія ратуюць, адкрываюць гарызонты і будуюць. Ён параіў каталіцкім СМІ выкарыстоўваць мову жыцця і благаслаўлення, а не негатыўную мову варожасці.
Што да палітыкі, то, на думку кардынала Піцабалы, палітычныя інстытуты сёння паралізаваныя. Асаблівую ролю павінна ўзяць на сябе грамадзянская супольнасць. “Я б не стаў марнаваць занадта шмат часу на палітыку. Што відавочна ў гэты перыяд, дык гэта слабасць, калі не параліч, мясцовых, міжнародных, шматбаковых палітычных інстытутаў... Я б сказаў таксама і рэлігійных інстытутаў. Прыйшоў час грамадзянскай супольнасці: менавіта там мы павінны дзейнічаць, і менавіта пра гэта мы павінны гаварыць”, - лічыць Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.