Касцёл у Дубліне. Ілюстрацыйнае фота Касцёл у Дубліне. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Новы набор у ірландскія семінарыі – 13 кандыдатаў

На працягу апошніх гадоў у Ірландыі святарскую фармацыю стабільна распачынае невялікая колькасць мужчын. Гэты год не стаў выключэннем – навучанне распачынаюць трынаццаць кандыдатаў. Агульная колькасць семінарыстаў у краіне складае 77 чалавек.

Ян Глінскі

Новыя семінарысты накіруюцца ў адну з чатырох пляцовак, дзе пройдуць год падрыхтоўкі: семінарыя Redemptoris Mater у Дандалку (архідыяцэзія Армы, Паўночная Ірландыя), Каралеўскі Англійскі каледж у Вальядалідзе, Каралеўскі Шатландскі каледж у Саламанцы (абодва ў Іспаніі) і Міжнародная семінарыя Арс у Францыі.

Па словах біскупа Альфонса Кулінана, дадзеная тэндэнцыя абнадзейвае, але ні ў якім разе “яна не павінна нас задавальняць”. “Нам патрэбна больш святароў, і мы павінны працягваць рабіць усё магчымае, каб спрыяць пакліканням да святарства ў нашых сем’ях і парафіях”, – дадаў старшыня біскупскай рады па справах пакліканняў.

Крызіс пакліканняў у Ірландыі распачаўся ў сярэдзіне 60-х гадоў ХХ стагоддзя, які яшчэ больш пагоршыўся ў канцы 90-х гадоў у сувязі з выкрыццём сексуальных скандалаў з удзелам духавенства.

Як вынікае са статыстычных даных, у 1965 годзе святарскія пасвячэнні атрымалі 282 дыяцэзіяльных святара і 377 святароў з манаскіх супольнасцяў. Да 1997 года іх налічвалася 53 і 32 адпаведна. У 1997 годзе ўсяго было 7 тысяч 700 святароў, што вельмі шмат для краіны з насельніцтвам 4 мільёны чалавек. Аднак з прычыны вялікай колькасці святароў старэйшага ўзросту, ужо ў 2008 годзе іх налічвалася толькі 4 тысячы 700, а ў 2016 годзе – крыху больш за 4 тысячы 300. Калі тэндэнцыя не зменіцца, то да 2028 года ў Ірландыі будзе менш за паўтары тысячы святароў.

Шматгадовы крызіс пакліканняў прывёў да паступовага закрыцця семінарый. На сёння працягваюць дзейнічаць толькі дзве ўстановы: нацыянальная семінарыя ў Мэйнуце і семінарыя Redemptoris Mater у архідыяцэзіі Арма, а таксама Ірландскі каледж у Рыме. Так, у 1997 годзе ў семінарыі па ўсёй краіне паступілі толькі 19 кандыдатаў, у 2006 годзе – 30, у 2008 годзе – 12, у 2009 годзе – 39 і ў 2010 годзе – 16. У 1980-х гадах семінарыстаў штогод было больш за 150, а Ірландыя высылала сваіх місіянераў па ўсім свеце.

26 верасня 2025, 10:02