Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Баранавічах адзначылі юбілей найстарэйшага касцёла. 14 верасня 2025 года ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа святкавалі 100-годдзе з даты пасвячэння найстарэйшай у горадзе святыні. Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. З прывітальным словам да вернікаў і гасцей звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Валянцін Новак. Святар назваў знакавыя этапы гісторыі мясцовай супольнасці і адзначыў, што касцёл у 1925 годзе быў пасвечаны першым біскупам Пінскай дыяцэзіі – Слугой Божым Зыгмунтам Лазінскім. І нагадаў, што пры гэтым касцёле прайшлі маладыя гады, фармавалася вера і пакліканне да святарства першага беларускага кардынала – Казіміра Свёнтэка.
У Ваўкавыску 100-годдзе парафіі святкавалі з удзелам чатырох біскупаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. 18 верасня 2025 года ў парафіі святога Станіслава Косткі адзначылі юбілей супольнасці. З гэтай нагоды тут віталі адразу чатырох біскупаў: гэта Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Акрамя таго, на свяце былі праваслаўны святар і прадстаўнікі улады: старшыня райвыканкаму і яго намеснік, старшыня райсавету дэпутатаў.
У Чарневічах з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі парафіяльны фэст у адноўленай святыні. 14 верасня 2025 года ў свята Узвышэння Святога Крыжа гэта вёска на Віцебшчыне сустракала гасцей. Падчас Імшы ардынарый падкрэсліў, што шчыра радуецца таму факту, што супольнасць перажывае ўрачыстасць у адноўленым касцёле. Гістарычная святыня была зачынена у 1950 годзе камуністычнымі ўладамі і пазней выкарыстоўвалася як збожжасховішча. У 1991 годзе вернікі дабіліся ад уладаў вяртання касцёла, першая святая Імша ў адноўленым будынку цэлебравалася ў 1993 годзе.
Пахаванне ксяндза Яна Варанецкага сабрала звыш 100 святароў. 16 верасня 2025 года ў Мікелеўшчыне адбылося пахаванне святара, які быў пробашчам ашмянскай парафіі святога Міхала Арханёла і адышоў у вечнасць ва ўзросце 34 гадоў. Жалобную Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Вернікі мясцовай парафіі пасыпалі кветкамі дарогу для працэсіі з труной да касцёла. У пахавальнай Імшы ўдзельнічала больш чым сотня святароў усіх дыяцэзій Касцёла ў Беларусі, біскупы.
Дэлегатура палатынаў у Беларусі адзначыла 25-годдзе. Гэта адбылося 13 верасня 2025 года ў Воранаве. З нагоды юбілею існавання Дэлегатуры святога Міхала Арханёла Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатынаў) у Беларусі святую Імшу ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч. Ва ўрачыстай цэлебрацыі ўзялі ўдзел настаяцель палатынскай правінцыі Звеставання Пана ксёндз Здзіслаў Шмейхель, адміністратар правінцыі, святары Дэлегатуры. Святкаванне юбілейнай даты было для ўдзельнікаў нагодай да малітвы і падзякі Богу за 25 гадоў апостальскай працы палатынаў у Беларусі.
Падрыхтавана паводле pinskdiocese.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.