Біскуп Андрэй Зноска ў студыі Ватыканскага радыё Біскуп Андрэй Зноска ў студыі Ватыканскага радыё 

Біскуп Зноска: вера і карпатлівая праца – рэцэпт для Касцёла

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі звярнуўся да Льва XIV з просьбай наведаць Беларусь. Візіт Пантыфіка стаў бы знакам супакою і надзеі, - лічыць іерарх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас візіту ў Рым разам з групай пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі, прымеркаванага да яе стагоддзя, біскуп Андрэй Зноска меў магчымасць сустрэцца са Святым Айцом пасля агульнай аўдыенцыі 1 кастырчніка 2025 года. У інтэрв’ю для Ватыканскага радыё іерарх падзяліўся падрабязнасцямі сваёй размовы з Папам і думкамі пра жыццё Касцёла ў Беларусі.

Біскуп Зноска прызнаўся, што вельмі хваляваўся перад кароткай сустрэчай, але сабраўся з думкамі і сказаў Пантыфіку: “Ваша Святасць, дазвольце мне запрасіць вас у Беларусь. Наш Касцёл марыць і моліцца, каб Ваш візіт у нашу краіну стаў магчымым. Мы стомлены вайною паміж нашымі суседзямі, і ваш прыезд у Беларусь быў бы знакам супакою і надзеі”. На заканчэнне ён пажадаў Папу Божага благаслаўлення.

Каментуючы рэалістычнасць такога візіту, беларускі іерарх падкрэсліў, што “для Бога няма нічога немагчымага”. Ён узгадаў словы Папы Францішка, які заклікаў “не зачыняць дзверы”, бо “гаварыць праз зачыненыя дзверы немагчыма”. На думку біскупа, прыезд Пантыфіка ў Беларусь мог бы стварыць “пляцоўку для дыялогу, для размоў, для запрашэння суседзяў”, а сам візіт стаў бы “зразумелым для ўсіх” знакам міру і надзеі для народаў рэгіёна.

Адказваючы на пытанне, які Касцёл у Беларусі сустрэне Папа, біскуп Зноска ўпэўнена заявіў: “Ён сустрэне жывы Касцёл”. За першы год свайго біскупскага служэння ён наведаў шматлікія парафіі і бачыў нават вельмі маленькія супольнасці, якія актыўна жывуць верай: чытаюць Божае слова, моляцца, адбудоўваюць святыні. Гэта Касцёл, які развіваецца, і сустрэча з Пантыфікам, на яго думку, стала б “інспірацыяй для далейшага развіцця”.

Біскуп патлумачыў, што яго аптымізм не з’яўляецца наіўным. Як юрыст па адукацыі, ён заўсёды падлічвае рызыкі і выклікі. Аднак, абапіраючыся на досвед мінулага, на прыклад такіх “скал веры”, як кардынал Казімір Свёнтэк, ён верыць у сілу Касцёла. “Калі мы пераадолелі такія цяжкасці ў мінулым, (...) то і сённяшнія выклікі часу не павінны нас палохаць”, - адзначыў ён, дадаўшы, што “ўсё робіцца, але не само”.

Таксама іерарх распавёў пра працэс перарэгістрацыі парафій і рэлігійных арганізацый у Беларусі, якім ён непасрэдна займаўся. Ён ахарактарызаваў вынік як здавальняючы. З аднаго боку, Касцёл быў вымушаны “дапасаваць” свае статуты да новых патрабаванняў заканадаўства, аднолькавых для ўсіх канфесій. З іншага боку, дзяржава прыслухалася да многіх прапаноў, выказаных каталіцкім епіскапатам на этапе абмеркавання законапраекта.

На думку біскупа Зноскі, працэс перарэгістрацыі дазволіў спрасціць і ўпарадкаваць унутранае арганізацыйнае жыццё парафій: напрыклад, колькасць сходаў парафіяльнай рады ці парадак вядзення заняткаў.

“Мы зрабілі так, каб гэта было больш адпаведна патрабаванням часу. (…) спрасцілі, зрабілі прасцейшым для сябе, больш лёгкім”, - падкрэсліў біскуп. Пры гэтым ён адзначыў, што ўнутранае жыццё Касцёла, якое рэгулюецца кананічным правам не падлягае зменам.

Біскуп Зноска бачыць Касцёл у Беларусі як супольнасць, якая, сутыкаючыся з выклікамі часу, не губляе надзеі. Спалучэнне глыбокай веры ў Божы Провід, мары пра візіт Пантыфіка і карпатлівай працы над зямнымі, юрыдычнымі справамі, з’яўляецца для яго стратэгіяй, заснаванай на рэалізме і евангельскім аптымізме. Гэта шлях, на якім, на думку іерарха, супольнасць вернікаў можа не толькі пераадольваць цяжкасці, але і ўпэўнена развівацца, будуючы сваю будучыню.
 

02 кастрычніка 2025, 13:40