Кардынал Амбонга: трагедыя Конга – праява крызісу чалавечнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Кіншасы і старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) прыняў удзел у міжрэлігійнай сустрэчы “Адважыцца на мір”, якая прайшла ў Рыме з нагоды 60-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору “Nostra aetate” – дакумента 1965 года аб адносінах Каталіцкага Касцёла да іншых рэлігій.
Кардынал Амбонга заклікаў да тэрміновых дзеянняў дзеля міру ў сваёй краіне, якая ўжо тры дзесяцігоддзі ахопленая гвалтам, беднасцю і чалавечымі трагедыямі. Ён адзначыў, што маўчанне свету перад абліччам гэтых пакутаў з’яўляецца злачынным, асабліва таму, што міжнародная супольнасць працягвае атрымліваць прыбытак ад “сістэматычнага рабавання прыродных рэсурсаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга”.
Крызіс чалавечнасці
Іерарх падкрэсліў, што ў краіне дзейнічае больш за 120 узброеных груповак, а ў выніку працяглых канфліктаў загінулі мільёны людзей, былі знішчаныя вёскі і разбітыя шматлікія сем’і. “Гэта не толькі палітычны або эканамічны крызіс – гэта перадусім крызіс чалавечнасці. Чалавек даўно ўжо страціў тут сваю каштоўнасць; больш не прызнаецца яго годнасць і вартасць як істоты, створанай на вобраз і падабенства Бога. Адзінае, што цэніцца – гэта мінералы і багацці, якімі можна авалодаць. Людзьмі не цікавіцца ніхто”, - заявіў арцыбіскуп Кіншасы.
Кардынал Амбонга адзначыў, што раззбраенне павінна пачацца “перш за ўсё ў сэрцах”, бо без маральнай перамены немагчыма спыніць гвалт. Ён дадаў, што для ўсталявання сапраўднай згоды патрэбныя сумесныя намаганні рэлігійных і палітычных лідараў, аднак у Конга такая еднасць пакуль адсутнічае.
Гуманітарная катастрофа на ўсходзе
Асабліва цяжкай застаецца сітуацыя на ўсходзе краіны, дзе працягваюцца ўзброеныя сутыкненні, дзе дзейнічаюць замежныя сілы і дзе мільёны людзей вымушаныя пакідаць свае дамы. Паводле кардынала, “тысячы сем’яў жывуць без ежы, вады і асноўных сродкаў існавання”, у выніку чаго зноў узнікаюць эпідэміі, у тым ліку халеры, якая цяпер дасягнула найвышэйшага ўзроўню за апошняе дзесяцігоддзе.
Унутраныя і знешнія прычыны крызісу
Паводле арцыбіскупа Кіншасы, міру ў Конга нельга дасягнуць без удзелу суседніх дзяржаў – Руанды, Бурундзі і Уганды – якія “пераследуюць уласныя інтарэсы” і “за якімі стаіць уся міжнародная супольнасць”, вельмі зацікаўленая ў кангалезскіх мінеральных рэсурсах – “акрываўленых мінералах”, што паходзяць з тэрыторый канфлікту і трапляюць на рынак праз суседнія краіны.
Унутры краіны сітуацыю пагаршае глыбокая сацыяльная няроўнасць: багацце сканцэнтравана ў руках меншасці, у той час як большасць насельніцтва жыве ў галечы. “60 працэнтаў насельніцтва беспрацоўнае, цэлыя кварталы не маюць вады, электрычнасці ці транспарту”, - адзначыў іерарх.
Касцёл як носьбіт надзеі
Кардынал Амбонга падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл застаецца “носьбітам надзеі” для народа. Ён заклікаў кангалезцаў да большай актыўнасці ў межах экуменічнай ініцыятывы “Сацыяльны пакт дзеля міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і гарманічнага суіснавання ў рэгіёне Вялікіх азёр”. “Дарога, якую мы выбралі – шлях прымірэння і міру – гэта адзіны правільны шлях”, - падкрэсліў іерарх.