Асацыяцыя экзарцыстаў: Хэлоўін – небяспечная забава
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародная асацыяцыя экзарцыстаў (AIE) у спецыяльным відэазвароце напярэдадні Хэлоўіна выступіла з трывогай. “Хочаце, каб вашыя дзеці мелі кашмары і начныя жахі? Хочаце выстаўляць іх на ўплыў вядзьмарства? Хочаце, каб дэманы ўплывалі на іх жыццё?” - пытаюцца аўтары звароту, звяртаючы ўвагу на патэнцыяльную небяспеку з’явы, якая падаецца многім як камерцыйная і бяскрыўдная забава.
Хэлоўін: ад камерцыйнага свята да акультных каранёў
Паводле Асацыяцыі экзарцыстаў, Хэлоўін "мае цёмныя карані", звязаныя з кельцкім культам Самайн, магічнымі рытуаламі, неавядзьмарствам і нават сатанізмам.
"Сёння Хэлоўін, - тлумачаць экзарцысты, - атаясамліваецца з сімваламі жаху, акультызму і дэманічнага. Гэта святкаванне, пазбаўленае веры, якое рызыкуе несвядома падсілкоўваць культуру смерці і страху".
Найбольшую заклапочанасць у святароў выклікае ўплыў на непаўналетніх. "Нават перыяд, які папярэднічае Хэлоўіну, - сцвярджаецца ў відэа, - выкарыстоўваецца для таго, каб увесці дзяцей і моладзь у асяроддзе, звязанае з акультызмам, часта схаванае за культурнымі асацыяцыямі ці вэб-сайтамі, што падаюцца бяскрыўднымі".
У шматлікіх выпадках, на думку экзарцыстаў, "Хэлоўін стаў непрамым каналам ініцыяцыі ў свет цемры, які робіць людзей больш уразлівымі для дзеяння злога духа".
Заклік да бацькоў: пільнасць, выхаванне і хрысціянская альтэрнатыва
Відэазварот быў перакладзены на італьянскую, іспанскую, партугальскую, англійскую і карэйскую мовы; рыхтуюцца таксама версіі на нямецкай і французскай мовах. Заклік, скіраваны да бацькоў і супольнасцей, выразны: быць пільнымі, выхоўваць, прапаноўваць альтэрнатывы, заснаваныя на хрысціянскай веры.
"Цешся жыццём, цешся святлом. Цешся Богам, які любіць цябе", - гаворыцца напрыканцы звароту. Гэта запрашэнне нанова адкрыць урачыстасць Усіх Святых як свята святла, жыцця і еднасці.