“На Беларусі Бог жыве”: рэха візіту легата Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 24 кастрычніка 2025 года ў Беларусі знаходзіцца кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. Папа Леў XIV скіраваў яго ў якасці свайго спецыяльнага пасланніка на святкаванні 100-гадовага юбілею Пінскай дыяцэзіі.
Праграма візіту ўключала ўдзел ва ўрачыстасцях у Пінску і сустрэчу з моладдзю ў Брэсце. Кардынал, які раней служыў апостальскім нунцыем у Беларусі, адзначыў, што адчувае сябе на беларускай зямлі “як дома”.
Удзел іерарха ва ўрачыстасцях распачаўся 24 кастрычніка ў новым касцёле святога Бэнэдыкта ў Пінску. Кульмінацыяй стала Імша 25 кастрычніка ў пінскай катэдры, якую ўзначаліў папскі легат.
На пачатку літургіі быў зачытаны адмысловы ліст Пантыфіка. У сваёй гаміліі пасланнік Святога Айца звярнуўся да багатай і часта драматычнай гісторыі мясцовага Касцёла, узгадаўшы мучаніцтва святога Андрэя Баболі. Ён таксама перадаў цёплыя словы беларускаму народу: “Вы народ ціхі, спакойны, і ў гэтым вашая сіла. Вы пакорныя, сціплыя, працавітыя”.
Звяртаючыся да святароў, кардынал нагадаў словы Льва XIV аб важнасці вернасці пакліканню і чыстага, айцоўскага сэрца. Ён выказаў радасць з нагоды трох семінарыстаў у дыяцэзіі і заклікаў біскупаў аказаць ім айцоўскую любоў.
Асабліва цёплай стала сустрэча кардынала Гуджэроці з моладдзю, якая адбылася 26 кастрычніка ў Брэсце. “Католік, які не ўсміхаецца, – гэта не католік”, - звярнуўся іерарх да маладых людзей, перадаючы ім заданне ад Папы: “Ідзі і зрабі, каб яны ўсміхаліся”.
У шчырым дыялогу моладзь дзялілася з папскім пасланнікам сваім досведам веры. На пытанне, што перадаць Папу, прагучала запрашэнне ў Беларусь і словы з верша Уладзіміра Караткевіча: “На Беларусі Бог жыве!”.
Візіт папскага легата ў Беларусь працягваецца. На 27 кастрычніка запланаваны яго сустрэчы ў Мінску з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі дзяржаўных улад.