Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У Рыме падпішуць абноўленую “Экуменічную хартыю”

Аб'яўлена дата падпісання абноўленай “Экуменічнай хартыі”. Гэта адбудзецца 5 лістапада 2025 года ў Рыме. Дакумент адлюстроўвае зменлівую рэальнасць еўрапейскага грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) арцыбіскуп Гінтарас Грушас паведаміў, што 5 лістапада 2025 года ў Рыме адбудзецца цырымонія падпісання абноўленай “Экуменічнай хартыі”. Першапачаткова ўрачыстасць была запланавана на 27 красавіка 2025 года ў Вільні, аднак была адменена ў сувязі са смерцю Папы Францішка.

“Экуменічная хартыя”, падпісаная ў 2001 годзе старшынямі CCEE і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў (KEK), стала "вуглавым каменем еўрапейскага экуменічнага супрацоўніцтва" на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў. Абноўленая версія дакумента закранае актуальныя выклікі і "адлюстроўвае зменлівую рэальнасць еўрапейскага грамадства і хрысціянства".

Праца над пераглядам Хартыі пачалася ў 2022 годзе ў рамках сумеснай працоўнай групы. Яе сустаршынямі сталі кардынал Гжэгаж Рысь з Польшчы (ад імя CCEE) і Леа Шленкер (лютэранка з Германіі) ад імя KEK. У склад групы ўвайшлі таксама ксёндз Луіс Акулік (з Камісіі па грамадскім душпастырстве CCEE), сястра Мінсі Эстэль Мікаль Согбу (з супольнасці Chemin Neuf), англіканскі святар Дэвід Уайт і праваслаўны святар Экуменіюс Аманацыдзіс.

Праект абноўленага тэксту быў гатовы ў сакавіку 2024 года, пасля чаго прайшоў кансультацыі. Пры распрацоўцы канчатковай версіі было ўлічана больш за 450 старонак адказаў, дасланых больш чым 70 касцельнымі і экуменічнымі ўстановамі з усёй Еўропы. Мэтай было, каб "абноўлены тэкст адпавядаў сучасным экуменічным патрэбам".

У выніку быў створаны "дакумент, які прасоўвае еднасць, мір і сумесныя дзеянні еўрапейскіх Цэркваў". Як лічаць стваральнікі, Хартыя стане новым імпульсам для дыялогу і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі розных канфесій на кантыненце.
 

14 кастрычніка 2025, 09:29