Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Барунах святкавалі гадавіну ўскладання карон на цудадзейны абраз Маці Божай. 10-11 кастрычніка 2025 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі прайшлі адпустовыя ўрачыстасці. Цэнтральную Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пры ўдзеле дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Кусташ санктуарыя ксёндз Павел Паўлюкевіч, вітаючы прысутных, адзначыў, што культ Маці Божай Барунскай з кожным годам развіваецца і да Яе прыбываюць шматлікія пілігрымы.
Найбуйнейшае паломніцтва з Беларусі адправілася ў Рым – гэта пілігрымка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прымеркаваная да Юбілейнага 2025 года. У паездцы ўдзельнічаюць каля 500 вернікаў. Па дарозе аўтобусная пілігрымка наведвае знакавыя для католікаў месцы ў еўрапейскіх гарадах і 18 кастрычніка 2025 года ў Кракаве, у санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, з удзелам беларускіх пілігрымаў запланавана святая Імша. Цэнтральнай падзеяй стане ўдзел у Генеральнай аўдыенцыі Папы Льва XIV у Ватыкане 22 кастрычніка, затым у базіліцы святога Пятра беларускія пілігрымы збяруцца на святую Імшу.
Парафія ў Павяцці адзначыла срэбны юбілей асвячэння святыні. 12 кастрычніка 2025 года з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча у мясцовым касцёле Маці Божай Фацімскай адбылася ўрачыстасць, якая сабрала таксама святароў з суседніх парафій, прадстаўнікоў мясцовай улады, гасцей. На пачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч заўважыў, што адзначаючы 25-пяцігоддзе кансэкрацыі святыні праз рукі Марыі "хочам занесці падзяку Пану Богу за магчымасць існавання касцёла ў Павяцці, за тых людзей, якія прычыніліся да яго будаўніцтва, за ўсіх святароў, якія тут служылі і ўсіх вернікаў, якія праз малітву і працу падтрымліваюць існаванне святыні".
Дзень засяроджання духавенства Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся ў Тракелях. 15 кастрычніка 2025 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў сабраліся святары на чале з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем. Удзельнікі праслухалі канферэнцыю аб праявах уплыву сучаснай культуры часовага характару на асобу святара. У праграме сустрэчы былі таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Імша, якую цэлебраваў ардынарый. На літургіі іерарх маліўся за ўсіх святароў Касцёла на Гродзеншчыне, а ў яе пачатку сказаў, што дзякуе Богу за служэнне кожнага святара, які з’яўляецца для Касцёла вялікім дарам.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.