Біскуп Біцэці: візіт Папы ў Турцыю дасць новы імпульс дыялогу
Vatican News
З 27 па 30 лістапада 2025 года Святы Айцец наведае Анкару, Стамбул і Ізнік (старажытную Нікею) з нагоды 1700-годдзя першага Сусветнага сабора. Сваімі думкамі наконт папскага візіту ў Турцыю падзяліўся ў інтэрв'ю ватыканскімі СМІ біскуп Паола Біцэці, які добра ведае гэты рэгіён.
Турцыя – мазаіка рэлігій
Біскуп Біцэці адзначыў, што “Турцыя – гэта лабараторыя, у якой павінен актыўна і пакорліва прысутнічаць таксама і Касцёл”. Па яго словах, краіна ўяўляе сабой мазаіку, у якой суіснуюць розныя плыні ісламу, суфізм, алавізм, агнастыцызм і тэізм, а таксама значныя хрысціянскія меншасці. Каталіцкае пастырства тут моцна абмежавана дзеючымі законамі і практыкай, якія перашкаджаюць будаўніцтву капліц, моладзевых і культурных цэнтраў. Уся дзейнасць засяроджана ў некалькіх парафіях, заснаваных у адпаведнасці з Лазанскай дамовай стогадовай даўніны.
Супрацоўніцтва пасля землятрусу
Іерарх падкрэсліў, што разбуральны землятрус 6 лютага 2023 года, які забраў жыцці больш за 50 тысяч чалавек, прымусіў “Карытас” Турцыі “хутка расці, не без цяжкасцяў і памылак”. Арганізацыя дзейнічала вельмі актыўна, бескарысліва дапамагала ўсім людзям без адрозненняў, мусульманам і хрысціянам, супрацоўнічала з мясцовымі і нацыянальнымі структурамі па аказанні дапамогі, атрымаўшы за гэта афіцыйнае прызнанне і падзяку з боку Анкары, чаго ніколі раней не было. “У месяцы пасля землятрусу мы ўсе працавалі разам, разбураючы традыцыйныя муры падзелу і дэманструючы, што самы глыбокі міжканфесійны дыялог, як казаў Папа Францішак, – гэта дыялог жыцця, асабліва пры дапамозе бедным”, – сказаў біскуп Біцэці.
Візіт Папы як знак надзеі
На яго думку, візіт Папы стане значнай экуменічнай падзеяй. Гадавіна Нікейскага сабора паслужыць адраджэнню таго духу, які некалі натхніў саборных айцоў выказаць веру ў новых катэгорыях і тэрмінах, шукаючы тое, што аб’ядноўвае. Гэта задача, якую неабходна пастаянна абнаўляць.
“Вядома, для ўсіх работнікаў "Карытас", гэта будзе цудоўная магчымасць зноў адчуць сябе часткай народа Божага, аб'яднанага ў служэнні самым слабым. Гэта заўсёды характарызавала хрысціянства, у духу Езуса, Слугі ўсіх”.