Кардынал Гуджэроці – грэка-католікам Румыніі: вы – наш гонар
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Вы – наш гонар, наша надзея і наша любоў”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх у прывітальным слове падчас урачыстай літургіі, якая прайшла 15 лістапада 2025 года ў катэдральным саборы Святой Тройцы ў Блажы. Ён запэўніў Румынскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў блізкасці Святога Пасада і гатоўнасці Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў аказваць ёй усебаковую падтрымку.
“Мы ўжо абавязаліся прыняць Вас у Рыме на сумеснай цэлебрацыі з Папам, каб паказаць, што значыць адзінства Цэркваў”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы новаабранаму іерарху.
53-гадовы Клаўдзіў-Лучыяна Поп быў абраны Вярхоўным архіепіскапам Фэгэраша і Алба-Юліі на пазачарговым пасяджэнні Сінода Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якое праходзіла 2–6 лістапада 2025 года ў Папскім румынскім калегіуме ў Рыме. Згодна з кананічнымі патрабаваннямі, абранне было пацверджана Пантыфікам.
Архіепіскап Клаўдзіў-Лучыяна Поп змяніў на пасадзе кіраўніка румынскіх грэка-католікаў кардынала Лучыяна Мурэшана, які адышоў у вечнасць 26 верасня 2025 года ва ўзросце 94 гадоў.