Францішкане Святой Зямлі на малітве. Ілюстрацыйнае фота Францішкане Святой Зямлі на малітве. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Іерусалім: камісары Святой Зямлі збіраюцца як пасланнікі міру

У Іерусаліме распачаўся V Кангрэс Камісараў Святой Зямлі. Гэта знак надзеі для рэгіёна, які ўжо два гады жыве без пілігрымаў і ў кантэксце падзелаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

19 лістапада 2025 года ў Іерусаліме эўхарыстычнай цэлебрацыяй у Вячэрніку пад кіраўніцтвам Кустода Святой Зямлі, брата Франчэска Ельпа, распачаўся V Міжнародны кангрэс Камісараў Святой Зямлі.

Нягледзячы на існуючыя выклікі, Кустодыя прыняла рашэнне правесці гэту сустрэчу, каб даць "моцны і прарочы знак надзеі" для народаў Святой Зямлі і для братоў, якія ўжо два гады жывуць без бачнага кантакту з Паўсюдным Касцёлам праз пілігрымаў.

Францішканскія камісары з усяго свету, якія працуюць на карысць Святой Зямлі, сабраліся ў кляштары святога Збаўцы на тыдзень працы, разважанняў і малітвы. Тэма сёлетняга кангрэса – “Пасланнікі міру – слухаць, падтрымліваць, абвяшчаць Святую Зямлю”.

Як падкрэсліў кустод у сваім лісце-запрашэнні, іерусалімская сустрэча павінна пацвердзіць, што “еднасць мацнейшая за падзелы, а братэрства можа квітнець нават у часы выпрабаванняў”.

Гісторыя кангрэсаў сягае 1969 года, калі камісары ўпершыню сабраліся ў Назарэце. Наступныя сустрэчы праходзілі ў 2006, 2012 і 2018 гадах, кожная з якіх была прысвечана актуальным выклікам і адаптацыі місіі да новых патрэб Касцёла.

Праграма V Кангрэса прадугледжвае насычаныя дні працы да 25 лістапада 2025 года. Першыя два дні будуць прысвечаны слуханню рэальнасці і жыцця Касцёла ў Святой Зямлі. У наступныя дні ўдзельнікі засяродзяцца на формах падтрымкі місіі Кустодыі, наведаюць Бэтлеем, а таксама абмяркуюць спосабы абвяшчэння каштоўнасці святых месцаў у крызісны час.
 

19 лістапада 2025, 09:40