Кардынал Клеменс Аўгуст фон Гален Кардынал Клеменс Аўгуст фон Гален 

Нунцый у Германіі: маліцца аб кананізацыі кардынала фон Галена

Маліцца аб найхутчэйшай кананізацыі кардынала Клеменса Аўгуста фон Галена заклікаў нунцый у Германіі, арцыбіскуп Нікола Этэравіч, падчас святой Імшы ў 20-ю гадавіну беатыфікацыі гэтага мужнага праціўніка нацысцкага рэжыму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія прайшла ў горадзе Дзінклаге – месцы нараджэння благаслаўлёнага. У ёй бралі ўдзел каля 400 вернікаў, якія сабраліся, каб ушанаваць жыццё і сведчанне аднаго з самых мужных каталіцкіх дзеячаў у Германіі ў часы Трэцяга Рэйха. “Няхай гэты поўны ўдзячнасці ўспамін стане малітвай аб хуткай кананізацыі паважанага кардынала”, - пажадаў прадстаўнік Папы.

Кардынал Клеменс Аўгуст фон Гален служыў на пасадзе Біскупа Мюнстэрскага ў перыяд з 1933 па 1946 год. Яго празвалі “Мюнстэрскім львом” пасля таго, як летам 1941 года ён публічна асудзіў з амбоны нацысцкую праграму эўтаназіі няпоўнаспраўных людзей і напады на Касцёл.

Нягледзячы на пагрозы і запалохванні, арцыбіскуп працягваў заставацца мужным абаронцам найслабейшых. У 1946 годзе ён стаў адным з трох нямецкіх іерархаў, якім Пій XII надаў кардынальскую годнасць на знак прызнання іх мужнай пазіцыі падчас нацысцкага пераследу. Праз месяц пасля атрымання кардынальскага тытула фон Гален памёр.

Клеменс Аўгуст фон Гален асудзіў “неаязычніцкую ідэалогію” нацыянал-сацыялістаў ужо ў сваім першым пастырскім лісце, скіраваным у 1934 годзе. Ён адкрыта раскрытыкаваў таксама “Міф XX стагоддзя” Альфрэда Розенберга – другую “праграмную” кнігу нацыстаў пасля гітлераўскай “Маёй барацьбы”.

Іерарх паслядоўна абараняў свабоду Касцёла і касцельных арганізацый, выступаў за захаванне рэлігійнай адукацыі ў школах. У 1937 годзе ён спрыяў распаўсюджванню энцыклікі Пія XI “Mit brennender Sorge”, якая ўтрымлівала крытыку расізму і іншых аспектаў нацысцкай ідэалогіі. Арцыбіскуп Мюнстэрскі выступаў супраць закрыцця манастыроў, высылкі манахаў і забойства псіхічна хворых і пажылых людзей. У вачах Гітлера і яго міністра прапаганды Ёзэфа Гебельса ён стаў “ворагам дзяржавы” і “здраднікам нацыі”.

Пасля вайны фон Гален выступаў супраць перасялення нямецкага насельніцтва і абвінавачвання нямецкага народа ў калектыўнай віне. Ён заклікаў дзяржавы-пераможцы гуманна абыходзіцца з нямецкім насельніцтвам і ваеннапалоннымі, што прывяло да варожага стаўлення да яго з боку брытанскай ваеннай адміністрацыі.

Беатыфікацыйны працэс кардынала Клеменса фон Галена распачаўся ў 1956 годзе і завяршыўся ў 2004 годзе. Рашэнне аб абвяшчэнні іерарха благаслаўлёным прыняў Ян Павел II, які маліўся ля яго магілы падчас візіту ў Германію ў 1987 годзе. Беатыфікацыйную святую Імшу цэлебраваў 9 кастрычніка 2005 года ў Ватыкане Бэнэдыкт XVI.
 

10 лістапада 2025, 12:36