Кардынал Дамінік Дука Кардынал Дамінік Дука 

Папа: кардынал Дука – прыклад вернасці Хрысту

Папа ўшанаваў памяць кардынала Дукі, вязня камунізму, назваўшы яго бясстрашным сведкам веры, які прасоўваў дыялог і свабоду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Леў XIV скіраваў спачувальную тэлеграму арцыбіскупу Пражскаму Яну Граўбнеру ў сувязі са смерцю кардынала Дамініка Дукі, які адышоў у вечнасць 4 лістапада 2025 года ва ўзросце 82 гадоў.

Пантыфік назваў спачылага іерарха “бясстрашным абвяшчальнікам Евангелля”, які мужна нёс служэнне “ў перыяд пераследу, калі, пазбаўлены свабоды, ён не страціў сваёй вернасці Хрысту і Касцёлу”. У 1981 годзе ён быў прысуджаны камуністычным рэжымам да 15 месяцаў зняволення.

Святы Айцец падкрэсліў, што кардынал Дука з сэрцам Айца “прасоўваў прымірэнне, рэлігійную свабоду і дыялог паміж верай і грамадствам”. Яго служэнне, заснаванае на дамініканскай харызме праўды і любові, “застаецца прыкладам вернай адданасці місіі”.

Пахаванне арцыбіскупа-эмерыта Пражскага адбудзецца 15 лістапада ў сталічным архікатэдральным касцёле.
 

11 лістапада 2025, 09:16