Італьянскія біскупы. Ілюстрацыйнае фота Італьянскія біскупы. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Абарона дзяцей: Святы Пасад звярнуўся да біскупаў Італіі

Папская камісія па абароне непаўналетніх заклікала біскупаў Італіі да рашучага і празрыстага курсу ў барацьбе са злоўжываннямі ў Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На восеньскай асамблеі італьянскага епіскапату ў Асізі 18 лістапада 2025 года кіраўніцтва Папскай камісіі па абароне непаўналетніх звярнулася да мясцовых біскупаў з заклікам да рашучых дзеянняў. Старшыня Камісіі, біскуп Тыбо Верні, і яе сакратар, біскуп Луіс Мануэль Алі Эрэра, падкрэслілі неабходнасць празрыстасці ў барацьбе са злоўжываннямі ў Касцёле.

Выступ адбыўся на фоне паведамленняў СМІ аб нізкай колькасці адказаў на анкеты Камісіі ад італьянскіх дыяцэзій. Біскуп Верні, аднак, адзначыў і станоўчыя вынікі, дасягнутыя за апошнія тры гады, заклікаўшы “мудра і празрыста суправаджаць адзін аднаго”, бо гэта ўмацоўвае давер да Касцёла.

Каб падкрэсліць важнасць прызнання ахвяр, ён узгадаў пра “пустое крэсла” на сустрэчы Папы Льва XIV з ахвярамі з Бельгіі, якое сімвалізавала чалавека, што з прычыны перажытага болю здзейсніў суіцыд.

Біскуп Эрэра дадаў, што Касцёл павінен “пайсці на рызыку, якая ўзнікае, калі ён выбірае празрыстасць і адказнасць”. Толькі сур'ёзнасць у гэтым пытанні, уключаючы збор даных, дазволіць вярнуць страчаны давер.
 

19 лістапада 2025, 10:24