Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Кангрэс у абарону жыцця, Агульнабеларуская навэнна, малітва за спачылае духавенства – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе адбываецца другі дзень Агульнабеларускай навэнны "Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!" 8 лістапада 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі праводзіцца чуванне з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Малітоўнае чуванне праводзяць браты капуцыны.

З удзелам двух біскупаў праходзіць Кангрэс у абарону жыцця ў Навагрудку. У парафіі святога Арханёла Міхала 7-9 лістапада 2025 года на мерапрыемстве, якое ладзяць ужо ў пяты раз, сабраліся сем'і, духавенства. Арганізатары адзначаюць, што "беларуская зямля стогне ад крыку дзяцей, забітых пад сэрцам сваіх маці". Таму такой важнай з'яўляецца малітва перапрашэння за грахі абортаў і іншыя грахі супраць жыцця і сям’і. Цэнтральная падзея кангрэса – пілігрымка пакаяння з Навагрудка ва Уселюб з 52 белымі крыжамі: паводле некаторых дадзеных, менавіта столькі, у сярэднім, штодзень забіваюць дзяцей у Беларусі праз аборты. Кангрэс праходзіць з удзелам біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя і біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.

У катэдрах у Мінску і Гродне памаліліся за спачылае духавенства. 5 лістапада 2025 года ў мінскім архікатэдральным касцёле прайшла святая Імша за памерлых святароў і біскупаў, якія служылі ў архідыяцэзіі. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які нагадаў, што гэтак жа як абавязкам дзяцей з’яўляецца малітва за памерлых бацькоў, так і абавязкам парафіяльнай супольнасці з’яўляецца малітва за сваіх спачылых пастыраў. У гродзенскай катэдры 6 лістапада на Імшы за спачылае духавенства дыяцэзіі разам маліліся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч.

У Гомелі памаліліся на месцы памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій. 2 лістапада 2025 года, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, традыцыйнае набажэнства ля памятнага крыжа на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы правялі гомельскія парафіяне і духавенства на чале з біскупам эмэрытам Казімірам Велікасельцам. Штогод тут, на месцы масавых пахаванняў рэпрэсаваных, католікі збіраюцца на малітву.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.

08 лістапада 2025, 08:11