2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Вызваленне святароў, дні моладзі, фармацыйная сустрэча, новы арган – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Выйшлі на волю ксёндз Акалатовіч і айцец Юхневіч. Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі 20 лістапада 2025 года паведаміла аб вызваленні з калоніі ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча, былых пробашчаў у Валожыне і Шуміліне. Як адзначаецца ў паведамленні, "візіт прадстаўніка Папы кардынала Клаўдыё Гуджэроцці надаў пазітыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасці і павагі да Папы Рымскага памілаваць і вызваліць каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах зняволення". Удзел у гэтым працэсе прымалі таксама Апостальскі нунцый Іньяцыё Чэффаліа і старшыня біскупскай Канферэнцыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У Полацку, Гродне і Мінску праходзяць святкаванні Сусветнага дня моладзі. 22 лістапада 2025 года Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні арганізавалі ў полацкім касцёле святога Андрэя Баболі. Тут на працягу дня запланаваныя канферэнцыя, святая Імша з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, набажэнствы і дыскатэка. У гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля святочная праграма ўключае таксама традыцыйныя "Андрэйкі". У Мінску сустрэча адбудзецца 23 лістапада ў архікатэдральным касцёле.

У Бараўлянах прайшла фармацыйная сустрэча для духавенства і свецкіх. 17 лістапада 2025 года распачаўся новы этап праграмы, накіраваны на павышэнне кампетэнцыі духавенства і свецкіх супрацоўнікаў душпастырскай дзейнасці. Праграма аб’ядноўвае розныя пакліканні і формы служэння, прапаноўваючы сучасны падыход да падрыхтоўкі тых, хто нясе адказнасць за фарміраванне жывых і ўстойлівых хрысціянскіх супольнасцяў. Праграма складаецца з двух асноўных кірункаў: "Акадэмія супольнага служэння", якая аб’ядноўвае святароў, законнікаў, катэхетаў і свецкіх супрацоўнікаў, і "Смелыя жанчыны" – спецыяльна распрацаваная праграма для законных сясцёр.

У гродзенскай семінарыі прайшла сустрэча для міністрантаў на тэму распазнання паклікання. 15-16 лістапада 2025 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі рэкалекцыі сабралі міністрантаў з некалькіх парафій дыяцэзіі, а таксама з Мінска, Пінска і Баранавічаў – у цэлым звыш 20 чалавек. Семінарысты запрашалі хлопцаў на інтэграцыйныя размовы, расказалі пра сваё пакліканне. Святую Імшу ў катэдры цэлебраваў для ўдзельнікаў рэкалекцый біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У Віцебску падведзены вынікі мастацкага конкурсу "Пілігрымы надзеі". 16 лістапада 2025 года ў касцёле Святога Духа адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 40 мастакоў і мастачак з парафій Віцебска і некалькіх гарадоў і мястэчак розных дыяцэзій. Мерапрыемства ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, які цэлебраваў святую Імшу, падзякаваў дыяцэзіяльнай Caritas за арганізацыю конкурсу і ўзнагародзіў пераможцаў.

Яшчэ ў адным касцёле ў Беларусі з'явіўся духавы арган. Ён усталяваны ў храме святога Валянціна ў Смалявічах. Упершыню інструмент загучаў на нядзельнай святой Імшы 16 лістапада 2025 года, паведаміў арганазнаўца Аляксандр Бурдзялёў. Ён мяркуе, што ў Беларусі "гэта самы маленькі касцёл з духавым арганам, і самы маленькі спраўны арган". Паводле эксперта, для невялікага аб'ёму касцёла гэтага інструмента больш чым дастаткова, і ен добра падыходзіць для суправаджэння Імшы. Інструмент выраблены нямецкай фірмай Paschen.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 лістапада 2025, 08:43