Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы з'явілася каталіцкая капліца. 29 лістапада 2025 года тут адбылася першая святая Імша. Рамонт і аздабленне выдзеленага пад капліцу памяшкання выканалі на ахвяраванні вернікаў сіламі мясцовай парафіі святога Арханёла Міхала. Збор ахвяраванняў і працы пачаліся ў ліпені 2025 года. Капліца мае тытул абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных – гэта адзін з найбольш шанаваных у Беларусі абразоў, які знаходзіцца ў касцёле ў вёсцы Баруны.
У Нарачы адбылася патранальная ўрачыстасць рэгіянальнага вікарыята кармэлітаў босых у Беларусі. 20 лістапада 2025 года, у літургічны ўспамін святога Рафала Каліноўскага, кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі свята свайго апекуна і заступніка, а таксама дзень засяроджання. Браты з супольнасцяў у Мядзелі, Мінску і Гудагаі сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Нарачы, каб памаліцца праз заступніцтва святога Рафала аб Божым благаслаўленні для супольнасці кармэлітаў босых у Беларусі. Духоўна суправаджаў законных айцоў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
У Жамыслаўлі з удзелам біскупа Гродзенскага адзначылі 25-годдзе капліцы. 23 лістапада 2025 году юбілей асвячэння мясцовай капліцы і адпустовую ўрачыстасць узначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Капліца носіць тытул Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай. На святой Імшы вернікі дзякавалі Богу за дар гэтай святыні, маліліся за парафію, да якой яна адносіцца, за ахвярадаўцаў, аб новых пакліканнях да святарства.
Яшчэ ў адным касцёле Беларусі загучаў арган. Радасная падзея здарылася ў парафіі Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве. Тут праз болей чым 10 гадоў маўчання зноў грае старадаўні духавы арган, адноўлены пасля доўгай рэстаўрацыі. Арган для дзятлаўскага касцёла быў выраблены ў Вільні ў пачатку XX стагоддзя – інструменту ўжо болей за 110 гадоў. Гэты арган адметны адзінай у Беларусі незвычайнай канструкцыяй рэгістравай трактуры.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.