Вялікабрытанія: траціна каталіцкіх святароў – былыя англікане
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Універсітэт Святой Марыі апублікаваў уражальныя даныя: з 1992 па 2024 год каля сямідзесяці пастараў, манахаў і нават шаснаццаць англіканскіх іерархаў сталі часткай Каталіцкага Касцёла. Гэта складае амаль трыццаць працэнтаў ад усіх новых дыяцэзіяльных святароў Англіі і Уэльса за гэты перыяд, а з улікам Персанальнага ардынарыята лічба дасягае трыццаці пяці працэнтаў.
Хвалю пераходаў шмат у чым справакавала рашэнне англіканскага Сінода аб пасвячэнні жанчын, прынятае ў пачатку 1990-х. Аднак даследчыкі адзначаюць, што для многіх гэта быў вынік доўгіх духоўных пошукаў і ціхага голасу сумлення, а не толькі пратэст.
Сапраўдным прарывам тут стаў лістапад 2009 года, калі Папа Бэнэдыкт XVI выдаў апостальскую канстытуцыю “Anglicanorum coetibus”. Гэты гістарычны дакумент даў магчымасць англіканам пераходзіць у Каталіцкі Касцёл, захоўваючы свае літургічныя традыцыі і духоўную спадчыну. Менавіта дзякуючы гэтаму рашэнню ў Вялікабрытаніі паўстаў першы Персанальны ардынарыят для былых англікан, які атрымаў тытул Маці Божай Уолсінгемскай.
Важную ролю адыграў і гістарычны візіт Бэнэдыкта XVI у 2010 годзе, які нагадаў брытанцам пра духоўную спадчыну кардынала Ньюмана.
Кардынал Вінцэнт Нікалс у прадмове да даследавання падкрэсліў далікатнасць гэтага працэсу. Ён апісаў шлях былых англіканскіх пастараў не столькі як адмову ад багатай спадчыны сваёй традыцыі, колькі як усведамленне неабходнасці перайсці да "поўнай бачнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам у адзінстве з Пасадам Святога Пятра".
Цікава, што ў апошняе дзесяцігоддзе (2015–2024) інтэнсіўнасць пераходаў знізілася, складаючы цяпер каля 9 працэнтаў ад агульнай колькасці новых дыяцэзіяльных святароў.