Кардынал Тагле звяртаецца да ўдзельнікаў Азіяцкага місіянерскага кангрэса ў Малайзіі Кардынал Тагле звяртаецца да ўдзельнікаў Азіяцкага місіянерскага кангрэса ў Малайзіі 

Азіяцкі місіянерскі кангрэс заклікаў да “вялікай пілігрымкі надзеі"

У Малайзіі завяршыўся чатырохдзённы Азіяцкі місіянерскі кангрэс, які сабраў больш за 900 дэлегатаў з усяго кантынента. На адкрыцці форума выступіў пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, кардынал Луіс Антоніа Тагле.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кангрэс, арганізаваны Федэрацыяй Біскупскіх Канферэнцый Азіі (FABC) і Папскімі місіянерскімі таварыствамі, адбыўся 27-30 лістапада 2025 года ў горадзе Пінанг (Малайзія). Гэта адзін з найважнейшых форумаў, прысвечаных абмеркаванню будучыні Касцёла на азіяцкім кантыненце. У ім прынялі ўдзел 10 кардыналаў, больш за 100 біскупаў, 150 святароў, 75 кансэкраваных асоб і больш за 500 свецкіх.

Дэлегаты разважалі над тэмай “Вялікая пілігрымка надзеі”, натхнёнай евангельскім радком: “…адышлі ў сваю краіну іншай дарогай” (Мц 2:12). Удзельнікі абмяркоўвалі, якой дарогай павінен ісці Касцёл у Азіі, каб адказаць на выклікі сучаснасці: шматкультурнасць, міграцыя, лічбавыя медыя і штучны інтэлект, шляхі міру і прымірэння, інтэгральная экалогія, ролі жанчын у місіі, сінадальнасць. Сярод іншых тэм: праца з моладдзю, місія на працоўным месцы, гендэрная ідэнтычнасць з каталіцкага пункту гледжання і новыя глабальныя малітоўныя ініцыятывы. Праца кангрэса праходзіла па метаду “размовы ў Духу”, які выкарыстоўваўся на Сінодзе Біскупаў па сінадальнасці ў Рыме.

Кардынал Тагле прыняў удзел у адкрыцці і ў заключнай сесіі канферэнцыі. Ён падкрэсліў, што Касцёл у Азіі павінен “абнаўляцца як пілігрым надзеі”, пачынаючы свой шлях ад Хрыста і заўсёды вяртаючыся да Яго.

Дэлегаты маліліся за мір у краінах, ахопленых канфліктамі, і абменьваліся душпастырскім вопытам. На закрыцці сустрэчы кардынал Тагле адзначыў: калі кангрэс застанецца толькі прыемным успамінам, то яго ўдзельнікі пацярпелі няўдачу. Але калі ён прывядзе да перамены сэрца, канкрэтных дзеянняў і адзінства, то стане сапраўдным “насеннем надзеі” для будучыні Азіі.

Кардынал Тагле на кангрэсе "Вялікая пілігрымка надзеі"
Кардынал Тагле на кангрэсе "Вялікая пілігрымка надзеі"
04 снежня 2025, 10:53