Адзіная дата Вялікадня: заклік Патрыярха Канстантынопальскага
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Духоўны лідар праваслаўя звярнуўся з відэапасланнем да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі ў італьянскім Лап’яна, прысвечанай збліжэнню Цэркваў.
Цэнтральнай тэмай яго прамовы стала неабходнасць аб’яднання пасхальнага календара. Патрыярх Канстантынопальскі падкрэсліў, што розныя даты святкавання галоўнай падзеі хрысціянскай веры аслабляюць голас вернікаў у сучасным свеце і перашкаджаюць даваць супольнае сведчанне праўды Евангелля.
Смутак падзелу
Барталамей I звярнуў увагу на ўнікальнасць 2025 года, калі ўвесь хрысціянскі свет меў рэдкую магчымасць разам адзначыць Вялікдзень 20 красавіка.
Аднак гэтая радасць была азмрочана разуменнем таго, што такія супадзенні з'яўляюцца хутчэй выключэннем, чым правілам. "Глыбокі смутак выклікае той факт, што з прычыны нашага падзелу мы так рэдка ўзвышаем свае галасы, каб супольна абвяшчаць Уваскрасенне Пана", - адзначыў іерарх, нагадаўшы словы апостала Паўла пра тое, што без гэтай падзеі хрысціянская вера марная.
Спадчына дыялогу
Патрыярх нагадаў, што пошук вырашэння праблемы пасхаліі быў важным элементам яго супрацоўніцтва са спачылым Папам Францішкам. Разам яны шукалі шляхі, каб хрысціяне маглі даць "сумеснае і праўдзівае сведчанне ў гэтыя падзеленыя і бурныя часы".
Барталамей I выказаў спадзяванне на тое, што і ў супрацоўніцтве з Папам Львом XIV, які нядаўна наведаў Фанар, гэты дыялог прынясе плён. Ён падкрэсліў, што ўстанаўленне агульнай даты – гэта не проста тэхнічнае пытанне, а выкананне волі Хрыста аб адзінстве Яго вучняў.