Кардынал Раі: візіт Папы ў Ліван – заклік краіны да перамен
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа Леў XIV прыбыў у краіну не “з пустымі рукамі”, а са словамі, поўнымі прымірэння, падтрымкі і надзеі, падкрэсліў іерарх. “Для мяне гэты візіт – асабісты заклік, заклік да кожнага з нас, ліванцаў, заклік да перамен, да адкрыцця новага раздзела: раздзела міру, раздзела надзеі, бо мы не можам жыць так, быццам нічога не здарылася”, – сказаў ён у інтэрв’ю Vatican News.
Іерарх звярнуў увагу на рызыку таго, што пасля папскага візіту ўсё ў Ліване вернецца да стану, які быў да яго. “Мы спадзяёмся, што ліванскі народ ацэніць каштоўнасць гэтага візіту ў Ліван, які Святы Айцец пажадаў здзейсніць, ведаючы, што краіна перажывае вельмі крытычны палітычны момант і, як кажуць па-арабску, “б’юць барабаны вайны”, - сказаў Патрыярх.
Кардынал Раі адзначыў, што Папа жадае прынесці мір у гэтай сітуацыі: менавіта таму ён часта казаў пра мір і абраў дэвізам свайго падарожжа словы “Шчаслівыя міратворцы”. Іерарх заўважыў, што словы Святога Айца скіраваны не толькі да хрысціян ці мусульман, але да кожнага ліванца. “У гэтым, на мой погляд, і палягае каштоўнасць візіту Папы”, - падкрэсліў Мараніцкі Патрыярх, выказваючы пажаданне, каб “зерне, якое Леў XIV пасеяў сваім візітам, прынесла плод”.