Унясенне рэліквій французскіх мучанікаў у парыжскую катэдру Нотр-Дам Унясенне рэліквій французскіх мучанікаў у парыжскую катэдру Нотр-Дам  (AFP or licensors)

Мучанікі войнаў ХХ стагоддзя: беатыфікацыі ў Іспаніі і Францыі

Беатыфікацыі мучанікаў часоў Грамадзянскай вайны ў Іспаніі і нацысцкай акупацыі Францыі адбыліся 13 снежня 2025 года. Каштоўнасць сведчання веры новых благаслаўлёных адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Беатыфікацыю ў катэдральным касцёле іспанскага горада Хаэна ўзначаліў кардынал Марчэла Семерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Іерарх абвясціў благаслаўлёнымі 124 мучанікі – 110 святароў, адну манахіню і 13 свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў перыяд з 1936 па 1938 год.

Усе яны былі аб’яднаныя ў дзве групы: першая ўключае ксяндза Мануэля Іск’ерда і пяцьдзясят восем яго паплечнікаў, другая – ксяндза Антоніа Монтаньеса Чыкеру з шэсцьдзесят чатырма паплечнікамі.

Любоў – адзіная зброя

Мучанікі загінулі падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая была пазначана моцным антыкаталіцкім пераследам. “Яны не былі героямі, не змагаліся за ідэалогію і не загінулі ў вайне за мірскія інтарэсы… Іх адзінай зброяй была любоў. Яны памерлі, прабачаючы сваім катам… Гэта мучаніцкае прабачэнне з’яўляецца найвышэйшым плёнам надзеі, якая не паддаецца злу”, - падкрэсліў у гаміліі кардынал Семерара.

Іерарх таксама заўважыў, што мучаніцтва – “гэта найвышэйшае сведчанне хрысціянскай веры, бо яно выяўляе поўную любоў да Хрыста і братоў, перамяняючы пакуты ў адкупленне, а кроў – у насенне евангелізацыі”.

Мужная старонка гісторыі Касцёла ў Францыі

Беатыфікацыю ў парыжскай катэдры Нотр-Дам узначаліў кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга. Іерарх абвясціў благаслаўлёнымі 50 мучанікаў перыяду нацысцкай акупацыі Францыі: ксяндза Раймона Кайрэ, святара; Жэрара-Мартэна Сандр’е з Ордэна Меншых Братоў; Ражэ Вале, семінарыста; Жана Мэстрэ, свецкага верніка, а таксама сорак шэсць іх паплечнікаў.

Новыя благаслаўлёныя былі членамі каталіцкіх рухаў і асацыяцый, якія адгукнуліся на заклік кардынала Эмануэля Сюара, тагачаснага арцыбіскупа Парыжскага, таемна далучыцца да французскіх работнікаў, вывезеных на прымусовыя працы ў Германію, і аказваць ім маральную і духоўную падтрымку. У 1943 годзе многія члены гэтай групы былі арыштаваныя нацыстамі за нібыта падпольную дзейнасць супраць Трэцяга рэйха. Некаторыя з іх былі забіты, іншыя памерлі ад катаванняў і цяжкасцей зняволення ў турмах і канцэнтрацыйных лагерах.

“У самым віхуры вайны і нечалавечых зверстваў, пра якія сёння мы маем дакладныя веды, гэтыя мучанікі і ўсе тыя, хто падзяляў іх ідэалы, іх шчодрасць і іх лёс, паказалі сваім братам і сёстрам нязломную прысутнасць любові і міласэрнасці Бога. Такім чынам яны здолелі стварыць у пекле лагераў райскія аазісы, дзе любоў нараджала мужнасць, суцяшала раны сэрца, разганяла страх і ўлівала надзею”, - падкрэсліў у гаміліі кардынал Жан-Клод Олерыш.

Словы Папы

Сведчанне іспанскіх і французскіх мучанікаў падчас малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 14 снежня 2025 года ў Ватыкане, адзначыў Леў XIV. “Давайце ўзнесем падзяку Пану за гэтых мучанікаў, адважных сведкаў Евангелля, пераследаваных і забітых за тое, што засталіся блізкімі да свайго народу і вернымі Касцёлу!”, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.
 

15 снежня 2025, 11:22