Архіепіскап Шаўчук: чатыры гады вайны – ганьба для чалавецтва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Нават на пачатку ўварвання ў 2022 годзе сітуацыя не была такой трагічнай, як сёння; у першую чаргу гэта датычыцца цяперашняй зімы ва ўкраінскай сталіцы”, - дадаў іерарх, звяртаючы ўвагу на рост колькасці забітых і параненых сярод мірнага насельніцтва.
Глава Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы назваў “Холадаморам” расійскія ўдары па аб’ектах грамадзянскай энергетычнай інфраструктуры, у выніку якіх мільёны людзей застаюцца без электрычнасці і ацяплення ў адну з самых суровых зім апошніх дзесяцігоддзяў.
Архіепіскап Шаўчук перакананы, што адна з мэт бамбардзіровак – напалохаць насельніцтва, але, на яго думку, людзі не паддаюцца ні стомленасці, ні адчаю. У той жа час іерарх заўважыў, што праблемай з’яўляецца прызвычаенне людзей да частых абстрэлаў, у выніку чаго губляецца іх адчувальнасць да чужога болю. “Царква заўсёды павінна развіваць рэлігійны сэнс павагі да чалавечых пакут, бо мы ведаем, што ў кожным болю прысутнічаюць пакуты самога Хрыста”, - дадаў ён.
Іерарх заўважыў, што Царква імкнецца быць побач з людзьмі, дапамагаючы ім пераадольваць розныя цяжкія сітуацыі. “Псіхічнае і духоўнае здароўе знаходзіцца ў цэнтры нашых намаганняў. Мы набываем досвед, якога ніколі раней не мелі: ён можа стаць каштоўным для іншых Цэркваў, якія не перажывалі падобных трагедый, каб дапамагаць людзям наблізіцца да Бога”, - дадаў архіепіскап.
Глава Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы нагадаў пра вялікую салідарнасць з боку ўсяго Касцёла, якая выходзіць за рамкі матэрыяльнай дапамогі. “Для нас важна, каб ва ўсіх еўрапейскіх парафіях казалі пра пакутуючы Кіеў, бо памяць і хрысціянская малітва могуць узрушыць сумленні і сэрцы. Мы глыбока ўдзячныя ўсім, хто спрыяе ратаванню жыццяў ва Украіне”, - падкрэсліў архіепіскап Шаўчук.