Арцыбіскуп Галахер на канферэнцыі, прысвечанай благаслаўлёнаму Эдуарду Профітліху Арцыбіскуп Галахер на канферэнцыі, прысвечанай благаслаўлёнаму Эдуарду Профітліху 

Арцыбіскуп Галахер пра ўрокі святасці і дыпламатыі эстонскага мучаніка

Дыпламатыя святых – такой тэме прысвяціў сваю прамову на канферэнцыі, прымеркаванай да ўспаміну арцыбіскупа Эдуарда Профітліха, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На канферэнцыі, якая прайшла ў Таліне 20 лютага 2026 года, напярэдадні першага літургічнага ўспаміну благаслаўлёнага Эдуарда Профітліха, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падкрэсліў сувязь паміж дыпламатыяй і святасцю. Жыццё нямецкага езуіта і апостальскага адміністратара Эстоніі, пакутніка за веру, мір і свабоду – яскравы прыклад такой "высокай дыпламатыі", - падкрэсліў ён.

Жыццё і місія арцыбіскупа Профітліха

Арцыбіскуп Профітліх, немец па паходжанні, свядома імкнуўся не быць “чужынцам” у Эстоніі. Ён вывучыў мову, прыняў культуру краіны і ў 1935 годзе атрымаў эстонскае грамадзянства. Такія крокі “духоўнай дыпламатыі” дапамагаюць Касцёлу быць блізкім да людзей, - нагадаў іерарх.

У 1930-я гады арцыбіскуп Профітліх стаў не толькі пастырам, але і будаўніком мастоў і пасярэднікам паміж каталіцкай меншасцю і лютэранскай большасцю, паміж Святым Пасадам і ўладамі краіны. "Яго місія не была палітычнай, але ён валодаў велізарным палітычным уплывам: ён быў маральным голасам Эстоніі ў той час, калі вялікія таталітарныя ідэалогіі спрабавалі здушыць яе самабытнасць. Лёгка зразумець, чаму ён так высока цэніцца дзяржаўнымі ўладамі гэтай краіны і лічыцца вялікім героем эстонскай гісторыі”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што постаць благаслаўлёнага Профітліха асабліва актуальная сёння, калі Еўропа “востра адчувае пагрозу і боль трагічнай вайны на змучанай украінскай зямлі”. Ён на ўласным вопыце перажыў савецкую акупацыю Эстоніі: адмовіўся пакінуць вернікаў, хоць і мог вярнуцца ў Германію. У кранальным лісце да родных у 1941 годзе ён напісаў, што пастыр павінен заставацца са сваім статкам у радасці і смутку. "Што б ні здарылася, я ведаю, што Бог будзе са мной. Так што ўсё будзе добра. І маё жыццё і, калі так будзе заўгодна, мая смерць будуць жыццём і смерцю за Хрыста", - пісаў арцыбіскуп Профітліх.

Мучаніцкая смерць

21 лістапада 1941 года НКУС прысудзіў яго да расстрэлу па сфабрыкаваных абвінавачаннях у шпіянажы. Прысуд не быў выкананы неадкладна – знясілены, арцыбіскуп Профітліх памёр у кіраўскай турме ад холаду і голаду 22 лютага 1942 года. Яго біскупскі дэвіз “Fides et Pax” (“Вера і мір”) цалкам спраўдзіўся ў мучаніцкай смерці.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў асаблівую ўдзячнасць Касцёлу ў Эстоніі, які, нягледзячы на малалікасць, зведаў незлічоныя і цяжкія пакуты. Узвышэнне Папам Францішкам у 2024 годзе Апостальскай адміністратуры Эстоніі да рангу Талінскай дыяцэзіі ўмацавала сувязь паміж Святым Пасадам і гэтай краінай, - падкрэсліў ён.

Заклік да сведчання

Іерарх заклікаў прысутных браць прыклад з благаслаўлёнага Эдуарда Профітліха – быць рамеснікамі міру і сведчыць аб тым, што Божая міласэрнасць – адзіная сіла, здольная адрадзіць народы з попелу нянавісці. Ён перадаў удзельнікам канферэнцыі сардэчнае прывітанне і апостальскае благаслаўленне Льва XIV, які згадвае іх краіну ў сваіх малітвах.

Эстонія называецца “марыйнай зямлёй” (Terra Mariana) у памяць пра яе прысвячэнне Маці Божай у 1215 годзе Інакенціем III. “Хай заступніцтва благаслаўлёнага Эдуарда Профітліха разам з заступніцтвам Панны Марыі атрымае ад Пана для нашых дзён дар справядлівага і трывалага міру”, - пажадаў арцыбіскуп Галахер.

Падчас канферэнцыі, прымеркаванай да ўспаміну арцыбіскупа Эдуарда Профітліха
Падчас канферэнцыі, прымеркаванай да ўспаміну арцыбіскупа Эдуарда Профітліха
21 лютага 2026, 13:14