Дапамога Святой Зямлі: заклік да салідарнасці ў Вялікую пятніцу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вайна, насілле і адсутнасць пілігрымаў паставілі пад пагрозу існаванне мясцовых хрысціянскіх сем’яў у Газе, Палесціне, Ізраілі, Ліване і Сірыі. Брат Франчэска Ельпа ў сваім пасланні адзначыў, што шматгадовы крызіс пазбавіў многіх вернікаў сродкаў да існавання, а моладзі становіцца ўсё цяжэй уяўляць сваю будучыню на роднай зямлі.
У гэтым драматычным кантэксце збор сродкаў “Pro Terra Sancta” становіцца не проста жэстам салідарнасці, а рэальным знакам еднасці з Касцёлам у Іерусаліме.
Ахвяраванні накіруюць на падтрымку школ, парафій і сацыяльных праектаў
Кустод падкрэсліў, што атрыманыя сродкі дазваляюць утрымліваць дабрачынныя ўстановы і ажыццяўляць экстранную дапамогу ў месцах, дзе надзея “найбольш параненая”.
Сёння Касцёл у Святой Зямлі вымушаны адбудоўваць не толькі будынкі, але і чалавечыя адносіны, давер і культуру сустрэчы. Брат Ельпа нагадаў, што менавіта праз адукацыю і падтрымку маладых сем’яў можна захаваць жывую хрысціянскую прысутнасць у месцах Адкуплення.
Велікодная радасць павінна стаць крыніцай новага жыцця для рэгіёна
Францішкане, якія апякуюцца святынямі, просяць вернікаў ва ўсім свеце аб малітве і посце за мір, да чаго неаднаразова заклікаў Папа Леў XIV. Велікодны перыяд нагадвае, што Хрыстус даў жыццё “да канца”, і менавіта з гэтай крыніцы мясцовая супольнасць чэрпае сілы для далейшага служэння.
Кустод запэўніў у малітве за ўсіх дабрачынцаў і пажадаў, каб надыходзячая Пасха прынесла супакой у кожны дом у Святой Зямлі.