анктуарый Маці Божай Ружанцовай у Пампеях анктуарый Маці Божай Ружанцовай у Пампеях 

Італьянскія дыяцэзіі рыхтуюцца сустрэць Льва XIV

Італьянскія дыяцэзіі з вялікай радасцю і ўдзячнасцю адрэагавалі на афіцыйнае паведамленне аб будучых пастырскіх візітах Папы Льва XIV, якія пройдуць з мая па жнівень 2026 года.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Мясцовыя Касцёлы ў Італіі ўжо пачалі духоўную і арганізацыйную падрыхтоўку да сустрэчы з Наступнікам Пятра. У Рыміні, куды Пантыфік прыбудзе 22 жніўня 2026 года, гэту падзею называюць гістарычнай, бо апошні раз Папа наведваў горад 44 гады таму. Біскуп Нікола Ансэльмі адзначыў, што візіт стане магчымасцю для ўсяго народа разам пацвердзіць сваю адданасць веры.

У Кампаніі рыхтуюцца адразу да дзвюх сустрэч у маі. Арцыбіскуп Пампеяў Тамаза Капута падкрэсліў, што візіт 8 мая 2026 года, у гадавіну абрання Льва XIV, з’яўляецца "цудоўным сінтэзам чаканняў і надзей" марыйнага горада. Гэты прыезд Пантыфіка стане асаблівым дзякаваннем Богу пасля нядаўняй кананізацыі заснавальніка пампейскага санктуарыя – святога Барталамеа Лонга.

Лампедуза зноў апынецца ў цэнтры ўвагі 4 ліпеня 206 года. Арцыбіскуп Агрыджэнта Алесандра Даміяна заявіў, што прысутнасць Святога Айца на востраве, які з’яўляецца сімвалам міграцыі, мае велізарнае духоўнае значэнне. Гэта адбудзецца праз 13 гадоў пасля знакавага візіту сюды Папы Францішка.

Біскуп Павіі Карада Сангвінэці паведаміў, што 20 чэрвеня 2026 года Леў XIV прыбудзе як вучань святога Аўгустына, каб пакланіцца яго рэліквіям у базіліцы Сан-П'етра-ін-Чэль-д'Ора.

У той жа час біскуп Ачэры Антоніа Дзі Дона назваў візіт 23 мая 2026 года "ін'екцыяй даверу" для жыхароў рэгіёна, які пакутуе ад экалагічных праблем.

Асаблівае значэнне надаецца візіту ў Асізі 6 жніўня 2026 года, дзе Пантыфік сустрэнецца з еўрапейскай моладдзю ў рамках форуму “GO! Franciscan Youth Meeting”.

Арцыбіскуп Даменіка Сарэнціна адзначыў, што прыезд Папы ў горад святога Францішка і бласлаўлёнага Карла Акуціса павінен стаць для маладых людзей “духоўным компасам”. Праграма ўключае ранішнюю сустрэчу з моладдзю і ўрачыстую святую Імшу, якая завершыцца сімвалічным місіянерскім пасланнем юнакоў і дзяўчат у іх родныя краіны.
 

19 лютага 2026, 15:04