Падчас кананізацыі Карла Акуціса ў Ватыкане Падчас кананізацыі Карла Акуціса ў Ватыкане 

Гісторыі цудаў і адарацыя анлайн: новы мабільны дадатак

Напярэдадні Дня святога Валянціна прэзентавалі мабільны дадатак, які змяшчае сабраныя святым Карлам Акуцісам звесткі пра Эўхарыстычныя цуды і прапануе магчымасць анлайн-адарацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэтая лічбавая платформа была створана санктуарыем святога Карла Акуціса ў Малверне (ЗША) пры актыўным удзеле маці святога, Антоніі Акуціс.

Дадатак змяшчае не толькі апісанні больш чым 130 Эўхарыстычных цудаў, якія юнак паспеў задакументаваць пры жыцці, але і інтэрактыўную праграму “Жыві як Карла”. Яна заклікана натхніць карыстальнікаў, асабліва моладзь, ісці шляхам святасці ў штодзённым жыцці.

Новы лічбавы інструмент дазваляе наведаць капліцы ў розных кутках свету

Адной з ключавых функцый праграмы з’яўляецца раздзел для малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у рэжыме рэальнага часу. Арцыбіскуп Філадэльфіі Нэльсан Перэс адзначыў, што такі рэсурс стане выдатным дапаможнікам для бацькоў і настаўнікаў у размовах з дзецьмі пра каталіцкую веру. Дадатак дапамагае ўбачыць у Эўхарыстыі не проста абрад, а “найвялікшую гісторыю любові” паміж Богам і чалавекам.

Праект стаў сучасным працягам місіі “кібер-апостала” Эўхарыстыі

Выканаўчы дырэктар санктуарыя Мэры Бі Даміка падкрэсліла, што выкарыстанне тэхналогій для праслаўлення Бога было сутнасцю жыцця Карла Акуціса.

Сімвалічна, што запуск адбыўся ў Дзень святога Валянціна, які быў біскупам у рэгіёне Умбрыя, непадалёк ад Асізі, дзе цяпер спачывае святы Карла.

Мабільны дадатак даступны для карыстальнікаў iOS і Android і з’яўляецца бясплатным.
 

18 лютага 2026, 11:44