Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў Росіцы, сустрэчы духавенства, акцыя для хворага святара – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Зімовыя ўрачыстасці прайшлі ў Росіцы. 14 лютага 2026 года пілігрымы сабраліся ў мясцовым касцёле Святой Тройцы ў памяць пра бласлаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны – айцоў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча, якія пайшлі на мучаніцкую смерць разам са сваімі парафіянамі падчас карнай аперацыі нацыстаў у 1943 годзе. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які нагадаў словы Езуса Хрыста: "Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены". Пасля Імшы адбылася працэсія да месца мучаніцтва святароў.

З удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адзначылі ўрачыстасць благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. 15 лютага 2026 года ў капліцы пад яго тытулам на станцыі Ашмяны святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт. У гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што Божая міласэрнасць – адна з галоўных рысаў Бога. Іерарх адзначыў, што Бог хацеў, каб культ Яго міласэрнасці развіваўся і ахінуў як мага больш людзей, для чаго выбраў сястру Фаўстыну Кавальскую і святара Міхала Сапоцьку – сына беларускай зямлі, якога ўключыў у місію распаўсюджвання культу сваёй міласэрнасці.

Дзень засяроджання для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў у Лідзе. 19 лютага 2026 года ў парафіі Святой Сям’і адбылася першая такая сустрэча ў межах Вялікага посту. У праграме былі канферэнцыя і Крыжовы шлях, святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у інтэнцыі духавенства дыяцэзіі. У гаміліі ён выказаў думку, што для святара Вялікі пост мае асаблівае значэнне: "Мы вядзём іншых па дарозе навяртання, але часам самі забываемся пра патрэбу ўласнага вяртання да Бога. Існуе небяспека, што святар можа стаць чалавекам, які шмат гаворыць пра Бога, але ўсё менш размаўляе з Ім; чалавекам, які арганізуе духоўнае жыццё іншых, але сам паступова губляе ўнутраную прастору цішыні".

У Мінску ў пачатку Вялікага посту прайшла пастырская сустрэча для святароў. 19 лютага 2026 года ў архікатэдральным касцёле сустрэча распачалася супольнай малітвай з Літургіі гадзінаў. Ксёндз Аляксандр Барыла, духоўны айцец архідыяцэзіі, прамовіў канферэнцыю. Пасля пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў малітву за Касцёл, Святога Айца, за спачылае духавенства, міністрантаў, святароў і аб новых пакліканнях у архідыяцэзіі. Затым іерарх узначаліў святую Імшу.

Caritas Віцебскай дыяцэзіі збірае сродкі для цяжкахворага святара. Акцыя "Дар сэрца" ладзіцца ў перыяд Вялікага посту 2026. Яе мэта – сабраць сродкі на рэабілітацыю і пакупку электрычнага ложка для ксяндза Аляксандра Багдановіча, пробашча парафіі ў Плюсах, які перажыў інсульт. Віцебскі Caritas падрыхтаваў скарбонкі-капілкі для дзяцей, моладзі і бацькоў, якія захочуць паўдзельнічаць у акцыі. Скарбонкі распаўсюджваюцца ў парафіях дыяцэзіі. Адкладзеныя ў іх сродкі пазней перададуць Caritas.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

21 лютага 2026, 07:44