Біскупы ЗША занепакоены ростам насілля супраць Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Александр Сэмпл, які ўзначальвае Камітэт па рэлігійнай свабодзе, звярнуў увагу на трывожную палярызацыю амерыканскага грамадства, што выліваецца ў канкрэтныя напады на рэлігійныя ўстановы.
У дакуменце згадваюцца жудасныя выпадкі, такія як стральба падчас школьнай святой Імшы ў Мінеапалісе і затрыманне чалавека з узрыўчаткай каля катэдры ў Вашынгтоне. Біскупы канстатуюць, што атмасфера варожасці ўзмацняецца небывалым усплёскам антысемітызму і нападамі на палітычных апанентаў.
Значная частка справаздачы прысвечана напружанасці, якая ўзнікла з прычыны жорсткай іміграцыйнай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Актыўнасць сілавых структур каля храмаў прывяла да таго, што многія мігранты баяцца наведваць набажэнствы. У сувязі з гэтым некаторыя іерархі прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне вызваліць вернікаў ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай Імшы, каб засцерагчы іх ад магчымых затрыманняў.
Разам з тым Касцёл адзначае і станоўчыя зрухі, сярод якіх стварэнне спецыяльнай камісіі па рэлігійнай свабодзе і намаганні ўлады па абмежаванні гендарнай ідэалогіі.
Біскупы падкрэсліваюць, што ў год 250-годдзя незалежнасці ЗША краіне неабходна вярнуцца да ідэалаў павагі да веры, якая заўсёды ўзбагачала амерыканскае жыццё. Гэты заклік гучыць як надзея на пераадоленне грамадскага расколу праз адказнае стаўленне да правоў кожнага чалавека.