Вялікдзень у Афрыцы: паміж страхам і надзеяй
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Трывожная сітуацыя ў Нігерыі вымушае мясцовы Касцёл карэкціраваць расклад набажэнстваў. У выніку пагрозы насілля пасля крывавых нападаў у дыяцэзіі Джос, дзе загінулі 27 чалавек, біскуп Джуд Аёдэджы Арогундадэ распарадзіўся перанесці Пасхальную вігілію ў дыяцэзіі Онда на больш ранні час. Вернікаў заклікаюць да пільнасці і няспыннай малітвы за мір, падкрэсліваючы, што ўваскрасенне Хрыста застаецца галоўнай крыніцай надзеі нават падчас каменданцкай гадзіны і страху.
Арцыбіскуп Бейры Клаўдыё Дала Дзуана, звяртаючыся да хрысціян Мазамбіка, які таксама пакутуе ад канфліктаў, нагадаў, што пакуты Вялікага тыдня блізкія кожнаму, хто сутыкаецца з пачуццём пакінутасці. Ён падкрэсліў, што вера павінна быць актыўнай, даючы сілы ісці наперад насуперак любым стратам.
У Экватарыяльнай Гвінеі, якую Леў XIV наведае ў рамках свайго афрыканскага падарожжа з 13 па 23 красавіка 2026 года, біскуп Мігель Анхель Нгуэма Бе заклікаў вернікаў пакінуць свае "зоны камфорту".
Ён адзначыў, што Езус быў асуджаны менавіта за тое, што кінуў выклік рэлігійным аўтарытэтам таго часу, якія не жадалі бачыць Бога, Які парушае іх спакой. Біскуп папярэдзіў, што гэтая ж небяспечная псіхалогія самаапраўдання, якая прымушае чалавека "выцясняць" нязручную праўду Евангелля са свайго жыцця, каб захаваць уласны спакой, па-ранейшаму жыве ў сэрцах сучасных людзей.
Падрыхтоўка да візіту Пантыфіка ў Анголу суправаджаецца заклікамі да глыбокай духоўнай трансфармацыі. Арцыбіскуп Уамба Зеферына Зека Марцінс папярэдзіў аб небяспецы павярхоўнай веры, пазбаўленай імкнення да справядлівасці і праўды.
У сваю чаргу, арцыбіскуп Луанды Філамена ду Насіменту Віейра Дыяш нагадаў, што кожны ахрышчаны павінен стаць апосталам у сваім асяроддзі, беручы на сябе адказнасць за грамадства, што з’яўляецца найлепшым сведчаннем хрысціянскага жыцця.