Вера мацнейшая за снарады: пасланне біскупаў з Аравіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У часы, калі Блізкі Усход і краіны Персідскага заліва апынуліся ў віры беспрэцэдэнтнага канфлікту, хрысціянскія супольнасці Аравіі сустракаюць Вялікдзень з асаблівай глыбінёй.
Апостальскія вікарыі Паўночнай і Паўднёвай Аравіі, біскуп Альда Берардзі і біскуп Паола Марцінэлі, звярнуліся да сваіх вернікаў, падкрэсліваючы, што ўкрыжаваная любоў Хрыста заўсёды перамагае цемру разбурэння.
Біскуп Берардзі, які апякуецца католікамі ў Бахрэйне, Кувейце, Катары і Саудаўскай Аравіі, у сваім лісце звяртае ўвагу на трагічную рэальнасць: смерць, выгнанне і чалавечыя пакуты сталі штодзённасцю для многіх сем’яў. Аднак менавіта ў гэтых абставінах абяцанне Уваскрасення набывае найвышэйшую сілу.
Са свайго боку біскуп Марцінэлі, вікарый для Емена, Амана і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, заклікае вернікаў да цярплівасці і бязмежнага даверу Хрысту. Ён прызнае, што рэгіён перажывае складаны і небывалы па маштабах канфлікт, але настойвае на тым, што смутак не будзе мець апошняга слова. Перамога Божай міласэрнасці – вось сапраўдны фінал гісторыі. Каб наблізіць гэты момант, іерарх заахвоціў кожнага верніка да штодзённага Ружанца ў інтэнцыі міру, веры і заканчэння варожасці.