Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Годнасць праз працу: Касцёл Аўстраліі заступаецца за моладзь

Напярэдадні свята святога Юзафа Рамесніка каталіцкія іерархі Аўстраліі выказалі глыбокую занепакоенасць ростам няўпэўненасці сярод моладзі на сучасным складаным рынку працы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У адмысловай заяве Камісіі па пытаннях сацыяльнай справядлівасці, місіі і служэння Канферэнцыі Біскупаў Аўстраліі звяртаецца ўвага на тое, што маладыя людзі ўсё часцей сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку свайго месца ў прафесійным жыцці.

Старшыня камісіі біскуп Цім Харыс адзначае, што ўзровень беспрацоўя сярод моладзі дасягнуў 10,4 працэнта, што значна перавышае сярэднія паказчыкі па краіне. Многія з тых, хто мае працу, пакутуюць ад яе нестабільнасці або недахопу працоўных гадзін.

Праблема занятасці маладых людзей непасрэдна ўплывае на іх магчымасць ствараць сем’і і планаваць будучыню.

Паводле слоў біскупа Харыса, праца з’яўляецца не проста сродкам заробку, але мае фундаментальнае значэнне для чалавечай годнасці і паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства. „Праца – гэта частка Божага плана развіцця чалавека", – падкрэслівае іерарх. Ён заўважае, што вымушаная незанятасць спараджае трывогу і няўпэўненасць менавіта ў той жыццёвы перыяд, калі ў сэрцах моладзі павінна мацнець надзея.

Касцёл бачыць выйсце ў салідарнасці паміж дзяржавай, працадаўцамі і сем’ямі.

У сувязі з гэтым камісія звяртаецца да наймальнікаў з заклікам забяспечыць годную аплату і стабільныя ўмовы працы. Урад краіны заклікаюць прыняць палітыку, якая будзе надзейна абараняць правы работнікаў, а мясцовыя супольнасці і сем’і – аказаць маладым людзям неабходную апеку і падтрымку.

На думку епіскапату Аўстраліі, толькі агульнымі намаганнямі можна стварыць асяроддзе, дзе праца будзе спрыяць сапраўднаму росквіту кожнай асобы.
 

29 красавіка 2026, 10:56