Пленарнае пасяджэнне COMECE у 2025 годзе. Архіўнае фота Пленарнае пасяджэнне COMECE у 2025 годзе. Архіўнае фота 

Біскупы ЕС сабраліся на вясеннюю нараду на Кіпры

З 21 па 24 красавіка 2026 года ў Нікасіі на Кіпры праходзіць вясенняе пленарнае пасяджэнне Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). На сустрэчы абмяркоўваецца сітуацыя на Блізкім Усходзе і праблемы Касцёла ў рэгіёне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Месца правядзення нарады было выбрана невыпадкова – у першай палове 2026 года Кіпр старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага Саюза. У рамках пасяджэння, арганізаванага мараніцкай архіепархіяй Кіпра, біскупы сустрэнуцца з мясцовымі палітыкамі і пазнаёмяцца з жыццём хрысціянскіх супольнасцей на падзеленым востраве.

“Мы пакліканы асвятляць сумленні, спрыяць дыялогу і падтрымліваць кожную ініцыятыву, якая спрыяе прымірэнню і міру”, - сказаў у прывітальным слове кіпрскі мараніцкі архіепіскап Салім Жан Сфэір, спаслаўшыся на неспакойную сітуацыю ў свеце, якая моцна адчуваецца на Кіпры, блізкім да ліванскага ўзбярэжжа.

“Наша задача як вучняў Хрыста – быць голасам, які кліча ў пустыні гэтага свету. Касцёл у Еўропе пакліканы сведчыць пра слова Езуса з мужнасцю і яснасцю, павінен без ваганняў сцвярджаць, што годнасць чалавечай асобы – гэта падмурак сапраўднага суіснавання, што справядлівасць – гэта ўмова міру, а евангельская любоў – адзіная сіла, здольная змяніць гісторыю. Мы пакліканы быць сведкамі гэтага”, - сказаў кіпрскі іерарх.

На пачатку сустрэчы, якая праходзіць за закрытымі дзвярыма, слова ўзяў таксама біскуп Марыяна Крачата, старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). Ён звярнуў увагу на важнасць прысутнасці ЕС у міжнароднай палітыцы і “афіцыйных дыскусіях, на якіх абмяркоўваюцца драматычныя падзеі, што адбываюцца цяпер”. “Бягучыя спробы вырашыць канфлікты шляхам дыялогу і дыпламатыі маглі б стаць больш карыснымі і эфектыўнымі толькі ў тым выпадку, калі б Еўрапейскі Саюз быў сярод прызнаных і законных удзельнікаў узаемадзеяння і ўмяшання”, - сказаў іерарх.

У першы дзень нарады да біскупаў ЕС звярнуўся кардынал П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, які расказаў пра сітуацыю ў Святой Зямлі і ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне, а таксама пра ролю, якую Каталіцкі Касцёл і Еўрапейскі Саюз могуць адыграць у развіцці дыялогу, дыпламатыі і садзейнічанні міру.

У другой палове дня іерархаў прыняў прадстаяцель Кіпрскай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Георгій. Падчас гэтай сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя на Кіпры, паўночная частка якога знаходзіцца пад акупацыяй з 1974 года, а таксама наступствы, якія гэта мае для хрысціянскай супольнасці, што пражывае ў паўночнай частцы вострава.

На працягу бліжэйшых дзён біскупы сустрэнуцца з кіпрскімі і еўрапейскімі палітыкамі, з якімі будуць абмяркоўваць пытанні культуры, праблемы міжземнаморскага рэгіёну, міграцыі. У цэнтры дыскусіі будуць таксама выклікі, звязаныя з пераўзбраеннем і этыкай у ЕС. Іерархі будуць маліцца разам з мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі, у тым ліку ў паўночнай частцы вострава.
 

23 красавіка 2026, 11:05