Папамабіль на базе "Hyundai Santa Fe" які адправіцца ў ЗША Папамабіль на базе "Hyundai Santa Fe" які адправіцца ў ЗША 

Папскі аўтамабіль адправіцца ў ЗША дзеля падтрымкі дзяцей і бедных

Адзін з папамабіляў з ватыканскага аўтапарка стане сімвалам блізкасці Святога Айца да бедных і ахвяр канфліктаў. Ён будзе выкарыстоўвацца падчас буйной дабрачыннай акцыі, якая пройдзе летам у ЗША.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папамабіль – адзін з сімвалаў жадання Святога Айца быць бліжэй да людзей. Дзякуючы сваёй адкрытай канструкцыі гэты транспартны сродак аблягчае кантакт Пантыфіка з вернікамі.

Папа Францішак хацеў, каб папамабілі, якія больш не выкарыстоўваюцца падчас аўдыенцый і падарожжаў, служылі людзям у нястачы. Незадоўга да сваёй смерці ён распарадзіўся перадаць некалькі такіх транспартных сродкаў у распараджэнне дабрачынных арганізацый. Адной з іх стала амерыканская “Cross Catholic Outreach”.

29 красавіка 2026 года Леў XIV сустрэўся падчас агульнай аўдыенцыі са старшынёй гэтай арганізацыі Мішэль Сагарынай. Днём раней яна атрымала ключы ад белага папскага аўтамабіля з рук арцыбіскупа Луіса Марына дэ Сан Марціна, прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

Гаворка ідзе пра папамабіль, створаны на базе “Hyundai Santa Fe”, у версіі кабрыялет, аснашчаны чатырохцыліндравым турбадызельным рухавіком CRDi аб’ёмам 2,2 літра. Ён упершыню выкарыстоўваўся Пантыфікам у верасні 2015 года.

Папа Леў XIV і Мішэль Сагарына, старшыня “Cross Catholic Outreach”
Папа Леў XIV і Мішэль Сагарына, старшыня “Cross Catholic Outreach”

Цяпер гэты транспартны сродак будзе называцца “Hopemobile” – “Аўтамабіль надзеі”. Ён прыме ўдзел у ініцыятыве, якую ў чэрвені-ліпені 2026 года арганізацыя “Cross Catholic Outreach” правядзе ў ЗША з мэтай збору сродкаў для бедных, у тым ліку для дзяцей, якія пацярпелі ад ваенных канфліктаў у розных частках свету.

На працягу двух месяцаў папамабіль карэйскай маркі праедзе больш за шэсць тысяч кіламетраў, наведаўшы трынаццаць гарадоў у розных рэгіёнах Злучаных Штатаў. Ініцыятыва пад назвай “American Catholic Heroes: The Road Trip for Hope” будзе ўключаць шэраг дабрачынных і малітоўных акцый. Папамабіль стане бачным знакам салідарнасці і блізкасці Святога Айца да яе ўдзельнікаў і адрасатаў дапамогі.

Арганізацыя “Cross Catholic Outreach” мае кананічны статус і даўно супрацоўнічае з Апостальскай Сталіцай. Амаль за чвэрць стагоддзя яна рэалізавала дабрачынныя праекты ў 90 краінах свету на суму больш за 5 мільярдаў долараў. Арганізацыя з’яўляецца адным з важных партнёраў Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

Дэлегацыя “Cross Catholic Outreach” у Ватыкане
Дэлегацыя “Cross Catholic Outreach” у Ватыкане
30 красавіка 2026, 10:16