Арцыбіскуп Вальядаліда Луіс Аргуэльё, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі (у цэнтры). Арцыбіскуп Вальядаліда Луіс Аргуэльё, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі (у цэнтры). 

Іспанскія біскупы: дзяржава прысвойвае сабе права на мараль

Старшыня іспанскага епіскапату абвінаваціў улады ў навязванні ідэалагічных догмаў у пытаннях жыцця і сям’і, а таксама ў ігнараванні намаганняў Касцёла ў сферы абароны непаўналетніх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас адкрыцця пленарнай асамблеі арцыбіскуп Вальядаліда Луіс Аргуэльё выступіў з вострым аналізам палітычнага курсу краіны.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі канстатаваў, што выканаўчая ўлада сёння імкнецца выйсці за межы звычайнага палітычнага кіравання. Паводле яго слоў, Мадрыд спрабуе дыктаваць крытэрыі ў такіх прынцыповых сферах, як права на жыццё, інстытут сужэнства і чалавечая сексуальнасць, грунтуючыся не на довадах розуму ці супольным вопыце, а на своеасаблівай “ідэалагічнай веры”.

За дэкларацыямі аб свецкасці дзяржавы хаваецца спроба ўсталяваць новую ідэалагічную канфесійнасць.

Арцыбіскуп Аргуэльё выказаў глыбокую занепакоенасць празмерным умяшаннем улад у жыццё грамадзянскай супольнасці. Ён адзначыў, што дзяржава праяўляе экспансіўнасць ва ўсіх сферах: ад грамадскіх інстытутаў да эканомікі і СМІ.

Гэты стыль кіравання, на думку іерарха, скіраваны на захоп прастор, якія гістарычна былі аўтаномнымі. Больш за тое, ён паказаў на “падвойныя стандарты” ўрада: рэакцыя на гучныя скандалы часта залежыць ад таго, якія палітычныя сілы за імі стаяць.

Гаворачы пра непасрэдныя кантакты з кабінетам міністраў, арцыбіскуп вылучыў пытанне злоўжыванняў як адзін з самых балючых пунктаў. Ён раскрытыкаваў урад за ігнараванне сістэмнай працы, якую Касцёл праводзіць у апошнія гады.

Пазіцыю ўлад іерарх ахарактарызаваў трапнай фразай: “урад вырашае, а Касцёл плаціць”. Луіс Аргуэльё настойвае, што адказ на гэты выклік не можа быць выключна фінансавым – ён патрабуе духоўнага і маральнага падыходу, які дзяржава спрабуе адсунуць на другі план.

Палітычныя спрэчкі вакол Даліны Палеглых пагражаюць сказіць рэлігійную і гістарычную сутнасць гэтага месца.

Яшчэ адным полем напружанасці застаецца будучыня Даліны Палеглых – манументальнага мемарыяла і базілікі, дзе пахаваны ахвяры грамадзянскай вайны. Спрэчка ідзе вакол спроб урада змяніць статус гэтага месца, што, паводле біскупаў, пагражае яго рэлігійнаму прызначэнню. Старшыня епіскапату выказаўся за разумнае пагадненне, але папярэдзіў, што палітычныя рашэнні не павінны скажаць сакральны і гістарычны сэнс мемарыяла.

Арцыбіскуп Аргуэльё асцерагаецца, што ідэалагічны ціск дзяржавы можа ператварыць месца малітвы і хрысціянскага прымірэння ў інструмент палітычнага супрацьстаяння.

Закрануўшы тэмы грамадскай ізаляцыі і крызісу супольнасці, іерарх нагадаў, што Касцёл павінен заставацца прасторай дыялогу. У свеце, ахопленым палярызацыяй, захаванне чалавечай годнасці патрабуе адмовы ад ідэалагічнага ціску на карысць сапраўднай культуры сустрэчы.
 

21 красавіка 2026, 09:57