Патрыярх Юсэф Абсі ў Пальмовую нядзелю. Дамаск Патрыярх Юсэф Абсі ў Пальмовую нядзелю. Дамаск  (AFP or licensors)

Вялікдзень за зачыненымі дзвярыма: выпрабаванне для Сірыі

У Сірыі на час Вялікадня ўзмацняюць бяспеку каля касцёлаў з прычыны нападаў на хрысціян. Патрыярхі заклікаюць да міру, а вернікі рыхтуюцца святкаваць Пасху без публічных працэсій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У перыяд велікодных свят у Сірыі будуць прыняты надзвычайныя меры бяспекі. Як паведамляе турэцкі партал "Yeni Safak", сірыйскае Міністэрства ўнутраных спраў накіравала дадатковыя сілы паліцыі да касцёлаў у гарадах з вялікай колькасцю хрысціянскага насельніцтва. Такія крокі сталі рэакцыяй на нядаўнія жорсткія напады, якія выклікалі хвалю трывогі сярод вернікаў і грамадскасці.

Голас надзеі ў Дамаску: патрыярхі за роўнасць і бяспеку

Напружанасць сітуацыі пацвярджаецца супольнай заявай рэлігійных лідараў краіны. Сірыйска-праваслаўны Патрыярх Ігнацій Яфрэм II, антыяхійскі-праваслаўны Патрыярх Ян X і каталіцкі Патрыярх Антыёхіі мелькіцкага абраду Юсэф Абсі выступілі з рашучым заклікам спыніць насілле.

Падчас крызіснай сустрэчы ў Дамаску іерархі выказалі глыбокую заклапочанасць лёсам хрысціянскай супольнасці і падкрэслілі, што міжрэлігійны спакой знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай. Яны звярнуліся да палітыкаў з патрабаваннем спыніць некантраляваны абарот зброі і забяспечыць годнасць кожнага чалавека.

На думку іерархаў, будучыня дзяржавы магчымая толькі пры ўмове роўных правоў і абавязкаў для ўсіх грамадзян, незалежна ад іх паходжання.

З прычыны рызыкі правакацый было вырашана, што сёлетнія велікодныя набажэнствы пройдуць выключна ўнутры храмаў. Ад традыцыйных публічных працэсій і масавых урачыстасцей на вуліцах прыйшлося адмовіцца дзеля захавання жыцця людзей.

Трывога ў Алепа: малітва мацнейшая за страх

Трагічным фонам для гэтых рашэнняў сталі падзеі мінулай пятніцы ў горадзе Сукайлабія. Узброеныя злачынцы ўрываліся ў дамы і крамы хрысціян, чынячы самасуд і запалохваючы мірных жыхароў, асабліва жанчын.

Езуіт Гэры Баўмгартнер, які шмат гадоў служыць у Алепа, у каментары для Папскіх місійных ініцыятыў "Missio" адзначыў, што сярод вернікаў пануе неспакой. Тым не менш, нягледзячы на "глыбока сумную сітуацыю", хрысціяне Алепа працягваюць маліцца і рыхтавацца да свята, імкнучыся зрабіць усё магчымае, каб годна сустрэць Уваскрасенне Збаўцы.
 

02 красавіка 2026, 12:43