"Via Crucis" у Калізеі. 2025 год "Via Crucis" у Калізеі. 2025 год 

Крыжовы шлях 2026: зло перамагаецца любоўю, а не сілай

У медытацыях Крыжовага шляху, які пройдзе ў Калізеі вечарам 3 красавіка 2026 года, айцец Патон разважае пра адказнасць за ўладу і годнасць чалавека ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сённяшнія тэксты для традыцыйнага начнога набажэнства ў рымскім Калізеі з удзелам Льва XIV падрыхтаваў айцец Франчэска Патон, былы кустод Святой Зямлі. Яго разважанні не абмяжоўваюцца пабожнай абстракцыяй, а становяцца глыбокім аналізам рэчаіснасці, дзе Іерусалімская “Via Dolorosa” пераплятаецца з шумнымі і жорсткімі вуліцамі 2026 года.

Аўтар спалучае Евангелле з духоўнай спадчынай Францішка Асізскага, адзначаючы васьмісотую гадавіну смерці святога, і заклікае вернікаў да канкрэтнага ўвасаблення веры ў рэальным свеце.

Кожная ўлада будзе адказваць перад Богам за спосаб яе ажыццяўлення – ад развязвання войнаў да абароны чалавечай годнасці.

Цэнтральнай тэмай медытацый з’яўляецца пытанне ўлады. Айцец Патон праводзіць паралель паміж Пілатам і сучаснымі кіраўнікамі, якія лічаць сваю моц бязмежнай. Ён падкрэслівае, што сапраўдная ўлада заключаецца не ў здольнасці несці смерць ці навязваць волю сілай армій, а ў "нямоглай" магутнасці любові, якая дазваляе сябе прыбіць да крыжа. Паводле аўтара, менавіта Хрыстус выкрывае чалавечую саманадзейнасць, паказваючы, што эканоміка, палітыка і выхаванне павінны служыць вызваленню і міру, а не прыгнёту і помсце.

Асобную ўвагу францішканін удзяляе сістэматычнаму парушэнню чалавечай годнасці. На дзясятай стацыі, дзе з Езуса здымаюць адзенне, аўтар бачыць адлюстраванне сучасных трагедый: ад катаванняў у аўтарытарных рэжымах і сексуальнага гвалту да цынізму індустрыі забаў і медыя, якія агаляюць прыватнае жыццё людзей на пацеху публіцы.

Нават цела злачынцы заслугоўвае павагі і годнага пахавання, бо годнасць асобы не павінна знішчацца нават пасля смерці.

Асабліва балюча гучаць словы пра "нявыдадзеныя і непахаваныя целы". Айцец Патон узгадвае маці і сваякоў, якія вымушаны прыніжацца перад уладамі, каб атрымаць целы сваіх блізкіх. Ён заклікае да сапраўднай пабожнасці, якая выяўляецца ў салідарнасці з палітычнымі вязнямі, сем’ямі заложнікаў і тымі, хто плача пад руінамі войнаў.

У медытацыях знаходзіцца месца і для "сучасных Кірэнейцаў" – тысяч валанцёраў, якія рызыкуюць жыццём дзеля іншых. Жаночыя постаці на Крыжовым шляху таксама набываюць новыя сэнсы: Вераніка бачыць аблічча Хрыста ў ахвярах гандлю людзьмі і дзецях са скрадзеным дзяцінствам, а жанчыны Іерусаліма ўвасабляюць тых, хто працуе ў шпіталях і зонах канфліктаў.

Завяршаючы разважанні, айцец Патон заклікае не да рытуальнага шэсця, а да сапраўды Крыжовага шляху, які залучае ўсю асобу, перамяняючы эгаізм у служэнне.
 

03 красавіка 2026, 12:22