Англійскія біскупы стварылі групу па вывучэнні новай энцыклікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса абвясціла аб стварэнні адмысловай рабочай групы, задачай якой стане глыбокае даследаванне энцыклікі Папы Льва XIV "Magnifica humanitas". Каталіцкія іерархі падкрэсліваюць, што ў час імклівага тэхналагічнага скачку, выкліканага развіццём штучнага інтэлекту, неабходна працягваць сур'ёзныя разважанні аб абароне і ўсебаковым развіцці чалавечнасці.
Старшыня епіскапату, арцыбіскуп Рычард Мот з Вэстмінстэра, адзначыў, што "ў кожную эпоху чалавецтва жыве ў стане змен, і развіццё штучнага інтэлекту заахвочвае нас да роздуму над магчымасцямі і выклікамі, якія яно нясе". На яго думку, грамадства павінна годна адказаць на гэтыя выклікі, аднак чалавечнасць абавязана заставацца ў цэнтры ўсіх працэсаў, разам з салідарнасцю, якая неабходна для дасягнення міру паміж народамі.
Іерарх перакананы, што тэхналогіі не могуць служыць замацаванню несправядлівых эканамічных сістэм або злоўжыванню ўладай. "Яны заўсёды павінны спрыяць развіццю чалавека", - падсумаваў арцыбіскуп. Ён заклікаў усіх вялікабрытанскіх католікаў і людзей добрай волі да ўважлівага чытання і вывучэння энцыклікі, паколькі яна з’яўляецца важным укладам у інтэгральнае развіццё асобы ў часы глабальных пераўтварэнняў.