Кардынал Блэйз Сьюпіч Кардынал Блэйз Сьюпіч 

Кардынал Сьюпіч: мір – не адсутнасць вайны, а справа справядлівасці

Мір патрабуе актыўных намаганняў і не можа зводзіцца да адсутнасці вайны, падкрэсліў кардынал Блэйз Сьюпіч, звяртаючы ўвагу на евангельскае разуменне справядлівасці як асновы сапраўднага супакою.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

29 красавіка 2026 года арцыбіскуп Чыкага атрымаў прэстыжную прэмію “Шчаслівыя міратворцы” (Blessed are the Peacemakers Award), якую штогод уручае Каталіцкі тэалагічны саюз (Catholic Theological Union) – найбуйнейшая тэалагічная ўстанова Паўночнай Амерыкі. Узнагарода, заснаваная ў 1993 годзе, адзначае лідараў, якія асабліва вызначыліся ў служэнні міру, адзінству і прымірэнню.

Падчас цырымоніі іерарх падкрэсліў глыбокае значэнне евангельскага паняцця “міратворцы”. Ён заўважыў, што гэта слова з’яўляецца выключным, бо сустракаецца ў Бібліі толькі ў Нагорным казанні Езуса, а таксама з прычыны свайго правакацыйнага палітычнага паслання.

“Езус, называючы міратворцаў “сынамі Божымі”, падрываў ідэалогію “Pax Romana”, якая прыпісвала імператару ролю будаўніка міру і божага сына. Сапраўдныя ж сыны Божыя – не тыя, хто дасягае “міру” праз заваяванні і ваенную сілу, а тыя, хто ўступае ў канфлікт з адзінай мэтай – аднавіць “шалом”, юдэйскае паняцце паўнаты справядлівасці і гармоніі”, - сказаў іерарх.

Кардынал нагадаў пра вучэнне Папы Льва XIV, які ў Пальмовую нядзелю рашуча адкінуў спробы апраўдаць вайну дзеля дасягнення міру. Пантыфік падкрэсліваў, што Хрыстус – Валадар супакою – адмаўляе вайну і не прымае малітваў тых, хто яе вядзе.

Іерарх выказаў занепакоенасць тым, што ў сучасным грамадстве, асабліва ў Злучаных Штатах, дыскусія пра вайну часта зводзіцца да тэхнічнага аналізу тэорыі “справядлівай вайны”. Паводле яго, у першую чаргу важна задумацца над тым, што сёння патрабуе ад нас Евангелле і як канкрэтна быць міратворцамі.

Кардынал Сьюпіч нагадаў, што згодна з канстытуцыяй “Gaudium et spes” “спакой – гэта не проста адсутнасць вайны”, але “справа справядлівасці”, якая павінна трываць пастаянна. “Іншымі словамі, мір – гэта заданне”, - дадаў арцыбіскуп Чыкага.

Іерарх падкрэсліў, што евангельскі заклік “падставіць другую шчаку” не з’яўляецца праявай пасіўнасці, але, наадварот, актыўнай формай свабоды, якая разбурае логіку гвалту і перарывае ланцуг помсты.

Асаблівую ўвагу кардынал Сьюпіч надаў запаведзі любові да ворагаў. Ён заўважыў, што гаворка ідзе не пра пачуццё, а пра дзеянне, якое абяззбройвае варожасць і адкрывае магчымасць новай сустрэчы з іншым чалавекам.

Іерарх таксама папярэдзіў пра небяспеку “гейміфікацыі” вайны, калі канфлікты ўспрымаюцца праз экраны як статыстыка і выявы, што вядзе да страты адчування рэальнага чалавечага болю.

Напрыканцы прамовы кардынал адзначыў, што Папа Леў XIV выступае не як стратэг, а як пастыр: ён заклікае да культуры міру, вяртання да дыялогу і грунтуе свае словы не на тэорыях, а на канкрэтным чалавечым цярпенні. “Так павінны дзейнічаць і мы”, - падкрэсліў кардынал Сьюпіч.
 

01 мая 2026, 13:00