Будучыня каталіцкіх універсітэтаў: форум у сталіцы Харватыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 20 па 22 мая 2026 года сталіца Харватыі стала цэнтрам інтэлектуальных дыскусій аб будучыні каталіцкай адукацыі. Генеральная асамблея Еўрапейскай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў (FUCE) прайшла пад дэвізам "Натхняць каталіцкія ўніверсітэты ў часы выклікаў".
Гаспадаром форуму, прымеркаванага да 20-годдзя свайго заснавання, выступіў Харвацкі каталіцкі ўніверсітэт. Сярод ганаровых гасцей сустрэчы быў прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса.
Адным з ключавых пытанняў парадку дня стала лічбавізацыя. Удзельнікі заўважылі, што трансфармацыя ў гэтай сферы істотна паляпшае навучанне і адміністраванне, аднак нясе і пэўныя рызыкі. Працэсы дыгіталізацыі ўплываюць на недаацэнку традыцыйных форм навучання, што патрабуе асаблівай увагі да ўмацавання міжасобасных адносін па-за сацыяльнымі сеткамі.
Асаблівая ўвага надавалася фарміраванню студэнтаў ва ўмовах сучасных міжнародных канфліктаў і дэмаграфічнага крызісу. Галоўнымі задачамі застаюцца будаванне акадэмічных супольнасцей, заснаваных на трывалых каштоўнасцях, укаранёных у Евангеллі, а таксама выхаванне ў маладога пакалення клопату аб супольным дабры.
Сёння Еўрапейская федэрацыя каталіцкіх універсітэтаў, якую з чэрвеня 2025 года ўзначальвае Элена Бекалі, аб’ядноўвае 61 установу, дзе навучаецца каля 595 тысяч студэнтаў.
Праграма асамблеі ў Заграбе ўключыла ў сябе не толькі лекцыі і панэльныя дыскусіі, але і практычныя семінары, накіраваныя на абмен лепшым досведам у сферы развіцця ВНУ.