Касцельныя архівы ў эпоху перамен: сустрэча экспертаў у Вене
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум арганізавалі Архіўная касцельная асацыяцыя (Associazione Archivistica Ecclesiastica) і сетка архіваў “Icarus” пад эгідай Дыкастэрыі па культуры і адукацыі, Папскага камітэта гістарычных навук і Ватыканскага апостальскага архіва.
У канферэнцыі ўдзельнічалі эксперты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы, Чэхіі, Славеніі, Славакіі, Венгрыі і Харватыі. Сярод іх былі прадстаўнікі манаскіх ордэнаў. Ганаровым госцем стаў арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, былы Архіварыус і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.
Сучасны гістарычны перыяд ставіць Касцёл перад мноствам змен – недахоп святароў, аб’яднанне і зліццё парафій, наступ лічбавай эпохі – якія непазбежна ўплываюць таксама на касцельныя архівы. Міжнародная канферэнцыя прапанавала паглядзець на гэтыя з’явы як на выклік і магчымасць, а не як на негатыўную з’яву.
Падчас форуму эксперты з розных краін абмяркоўвалі выклікі і змены ўнутры Касцёла, устойлівасць касцельных архіваў і іх развіццё, захаванне, папулярызацыю і камунікацыю архіўнай спадчыны, лічбавыя тэхналогіі і найлепшыя практыкі.
“Асабліва ў часы, калі масавыя медыя пагражаюць эрозіяй каранёў свету і робяць яго больш уразлівым да маніпуляцый, арыгінальныя дакументы маюць надзвычайную каштоўнасць”, - заўважыў ксёндз Джанлука Маркеты, старшыня Архіўнай касцёльнай асацыяцыі. Ён падкрэсліў, што дакументы, якія захоўваюцца ў архівах і бібліятэках, з’яўляюцца сведчаннем гісторыі і абараняюць агульную хрысціянскую спадчыну.