Біскупы Еўропы і Афрыкі сустрэнуцца ў Люксембургу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 25 па 28 мая 2026 года прадстаўнікі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) сустрэнуцца для абмену вопытам і супольнага роздуму над будучыняй Касцёла. Гэты форум, які рэгулярна ладзіцца яшчэ з 2004 года, сёлета засяродзіцца на практычных кроках сінадальнага шляху.
Праграма распачнецца з духоўнай і культурнай падзеі. Удзельнікі наведаюць традыцыйнае свята ў гонар святога Віліброрда ў Эхтэрнаху. Урачыстую цырымонію ў базіліцы ўзначаліць біскуп Мюнстэра Хайнэр Вільмер. На наступны дзень іерархі прымуць удзел у святой Імшы і знакамітай танцавальнай працэсіі, якая ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.
Працоўная частка форуму
Афіцыйнае адкрыццё семінара адбудзецца ў аўторак, 26 мая 2026 года. З прывітальнымі словамі выступяць арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас, старшыня CCEE, і кардынал Фрыдалін Амбонга, арцыбіскуп Кіншасы і кіраўнік SECAM.
Серада, 27 мая, будзе цалкам прысвечана рэалізацыі рашэнняў Сінода аб сінадальнасці. Сярод дакладчыкаў выступіць кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга, які распавядзе пра працу еўрапейскіх нацыянальных дэлегатаў. Досвед афрыканскага кантынента прадставіць біскуп Лусіа Андрыс Маундула. Пасля выступленняў запланаваны сесіі “размовы ў Духу”, якія дазваляюць паглыбіць дыялог паміж удзельнікамі.
Евангелізацыя як агульны прыярытэт
Заключны дзень семінара будзе прысвечаны аналізу апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” і пытанням абвяшчэння Евангелля ў сучасных еўрапейскіх і афрыканскіх рэаліях. Сваім бачаннем сітуацыі падзеляцца біскуп Труа Аляксандр Жалі і арцыбіскуп Саурыма Жазэ Мануэль Імбамба.
Завершыцца сустрэча працай у групах, падвядзеннем вынікаў і супольнай Эўхарыстыяй, якую ўзначаліць арцыбіскуп Гінтарас Грушас.