Кардынал Франчэска Мантэнэгра адзначае 80-годдзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Франчэска Мантэнэгра нарадзіўся ў Месіне 22 мая 1946 года, а святарскае пасвячэнне прыняў там жа 8 жніўня 1969 года. Пасля навучання ў галіне душпастырскай тэалогіі ён пачаў служэнне на ўскраінах горада. Пазней ён выконваў розныя адказныя функцыі ў Месіне, у тым ліку ў дыяцэзіяльным "Caritas" і ў парафіі святога Клемента.
У 2000 годзе папа Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам дыяцэзіі Месіна-Ліпары-Санта-Лючыя-дэль-Мела. Ён выбраў дэвіз “Caritas sine modo” – “Любоў без меры”.
У 2008 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў яго арцыбіскупам-мітрапалітам Аджэнта. Асаблівую вядомасць Мантэнэгра атрымаў дзякуючы служэнню мігрантам. Ён неаднаразова называў іх "сакрамэнтам прысутнасці Бога сярод людзей". У 2013 годзе ён узначаліў Камісію Канферэнцыі Біскупаў Італіі па справах міграцыі і Фонд "Migrantes".
Адной з найважнейшых падзей у яго жыцці стала сустрэча з Папам Францішкам на Лампедузе 8 ліпеня 2013 года. У 2015 годзе той жа Пантыфік уключыў яго ў Калегію кардыналаў. У 2025 годзе ўдзельнічаў у канклаве, які абраў Льва XIV.
На 22 мая 2026 года ў Калегію кардыналаў будуць уваходзіць 242 іераха, 117 з іх – з правам голасу на магчымым канклаве.