Студэнты “Анджэлікума” Студэнты “Анджэлікума” 

Ад кананічнага права да сацыяльных навук: стыпендыі ў “Angelicum"

Папскі ўніверсітэт святога Тамаша Аквінскага (“Angelicum”), сярод выпускнікоў якога былі Ян Павел II і Леў XIV, абвясціў пра запуск праграмы стыпендый на 2026–2027 навучальны год. Ініцыятыва скіравана на падтрымку таленавітых студэнтаў, якія жадаюць паглыбіць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, сацыяльных навук і кананічнага права.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Праграма прадугледжвае тры катэгорыі стыпендый. Стыпендыя святога Раймунда Пеньяфорцкага прызначана для тых, хто пачынае навучанне ў галіне кананічнага права, і поўнасцю пакрывае кошт першага курсу ліцэнцыяту ў 2026–2027 навучальным годзе. Стыпендыя носіць імя дамініканскага кананіста Раймунда з Пеньяфорта, заступніка факультэта кананічнага права.

Стыпендыя святога Антаніна разлічана на студэнтаў філасофіі і тэалогіі і пакрывае поўны кошт трохгадовага навучання па праграме бакалаўрыяту. Яна названая ў гонар дамініканіна Антаніна П'ероцы, арцыбіскупа Фларэнційскага, тэолага і духоўнага настаўніка, чые думкі аказалі значны ўплыў на развіццё тамізму.

Трэцяя стыпендыя імя Дамініка Піра прысвечана дамініканскаму манаху Жоржу Дамініку Піру, былому студэнту “Анджэлікума”, які быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру ў 1958 годзе за працу на карысць бежанцаў. Стыпендыя фінансуе першы курс навучання для дзесяці студэнтаў бакалаўрыяту ў галіне сацыяльных навук.

Заяўкі на стыпендыі павінны быць пададзены ў адпаведнасці з інструкцыямі, выкладзенымі ў афіцыйным дакуменце, які можна спампаваць або атрымаць у сакратарыятах адпаведных факультэтаў.

Папскі ўніверсітэт святого Тамаша Аквінскага (“Angelicum”) мае шматвяковую гісторыю, якая бярэ пачатак у 1222 годзе, калі Папа Ганорый III перадаў дамініканам комплекс святой Сабіны ў Рыме. Яго карані засноўваюцца на місіі гэтага ордэна — вывучаць, навучаць і абвяшчаць праўду, што адлюстравана ў дэвізе “Veritas”. Сярод яго самых вядомых выпускнікоў — два Папы: Ян Павел II і Леў XIV.

02 мая 2026, 10:42