Леў XIV абмеркаваў выклікі Еўропы з кіраўніцтвам COMECE
Ян Глінскі
Леў XIV сустрэўся з членамі прэзідыума Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці 21 мая 2026 года ў Ватыкане. Падчас аўдыенцыі біскупы размаўлялі з Пантыфікам пра будучыню Еўропы, пераслед хрысціянаў і неабходнасць адбудоўваць культуру дыялогу ў свеце, поўным канфліктаў. Іерархі звярнулі ўвагу, што сучаснай пагрозай для адзінства Еўропы з’яўляюцца папулізм, а таксама адыход ад логікі шматбаковага супрацоўніцтва.
Як нагадалі кіраўнікі COMECE, праект еўрапейскай інтэграцыі, распрацаваны пасля Другой сусветнай вайны айцамі-заснавальнікамі еўрапейскай супольнасці, мае не толькі палітычнае і эканамічнае вымярэнне, але і маральнае.
Падчас сустрэчы неаднаразова падкрэслівалася, што Касцёл не жадае ўмешвацца ў бягучыя палітычныя спрэчкі, але мае абавязак нагадваць пра каштоўнасці, якія складаюць аснову еўрапейскай супольнасці.
Справамі барацьбы з нянавісцю да хрысціянаў зоймуцца спецыяльныя каардынатары
Адной з найважнейшых тэм, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы, была ўзрастаючая варожасць да хрысціянаў у Еўропе. Біскупы паінфармавалі Льва XIV аб ініцыятыве прызначыць у еўрапейскіх установах спецыяльнага каардынатара па справах барацьбы з нянавісцю да хрысціянаў. Як падкрэслілі прадстаўнікі COMECE, гаворка ідзе не толькі пра абарону рэлігійнай свабоды, але і пра напамін, што хрысціянства застаецца адным з фундаментаў еўрапейскай ідэнтычнасці і культуры.
Еўрапейскі парламент чакае Папу
Біскуп Марыяна Крачата, старшыня Камісіі, скіраваў да Папы запрашэнне ад многіх еўрапейскіх груп наведаць установы Еўрасаюза, у прыватнасці Еўрапейскі парламент.
Падчас аўдыенцыі біскупы абмеркавалі план арганізацыі новага выпуску ініцыятывы “Пераасэнсаванне Еўропы”, якая аб’яднае прадстаўнікоў Касцёла, палітыкі, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці, каб паразважаць пра будучыню Еўропы ў 2027 годзе.