Удзельнікі Міжнароднай вайсковай пілігрымкі. Ілюстрацыйнае фота Удзельнікі Міжнароднай вайсковай пілігрымкі. Ілюстрацыйнае фота 

Міжнародная вайсковая пілігрымка ў Лурдзе: малітва за мір

У французскім санктуарыі праходзіць 66-я Міжнародная вайсковая пілігрымка. Тысячы салдат з сарака краін сабраліся ў Лурдзе, каб сведчыць аб імкненні да згоды і трывалага міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

23 мая 2026 года знакаміты марыйны санктуарый у Лурдзе стаў месцам яднання для тысяч вайскоўцаў і супрацоўнікаў узброеных сіл. Маштабная ініцыятыва, якая лічыцца адной з найбуйнейшых у каталіцкім свеце, сёлета сабрала прадстаўнікоў каля 40 краін.

Сустрэча, што распачалася ўрачыстай малітвай, праходзіць пад дэвізам "Вартавыя міру", падкрэсліваючы асаблівую ролю людзей у пагонах у часы глабальнай нестабільнасці.

Гэтае штогадовае паломніцтва мае выключнае гістарычнае значэнне. Яно нарадзілася пасля Другой сусветнай вайны як ініцыятыва французскіх і нямецкіх вайсковых капеланаў, якія імкнуліся праз малітву закласці падмурак для прымірэння былых ворагаў. З цягам часу рэгіянальны рух перарос у магутную міжнародную касцельную падзею, якая кожны май ператварае горад ля падножжа Пірэнеяў у цэнтр вайсковага братэрства.

Праграма 66-й пілігрымкі ўключае шэраг духоўных і ўрачыстых падзей, сярод якіх міжнародная цырымонія адкрыцця, традыцыйная працэсія са свечкамі і супольная святая Імша ў базіліцы святога Пія X.

Санктуарый, звязаны з аб’яўленнямі Маці Божай святой Бернадэце Субіру ў 1858 годзе, працягвае заставацца месцам натхнення для мільёнаў людзей. Для вайскоўцаў жа гэтыя дні становяцца магчымасцю яшчэ раз асэнсаваць сваё служэнне як справу аховы жыцця і чалавечай годнасці.
 

25 мая 2026, 10:40