Каталіцкія інвестыцыі ў Італіі: новыя этычныя арыенціры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы тэкст, зацверджаны 24 сакавіка 2026 года Пастаяннай радай епіскапату, актуалізуе дакумент 2020 года. Як адзначыў эканом італьянскага епіскапату ксёндз Клаўдыё Франчэсконі, гэты крок закліканы забяспечыць "евангельскую паслядоўнасць у кіраванні рэсурсамі".
Побач з ухваленнем інструментаў салідарнай эканомікі, дакумент перасцерагае ад крыптавалют, якія з прычыны нестабільнасці і рызыкі махінацый пакуль не падыходзяць для абачлівых укладанняў.
Асобная ўвага звяртаецца на небяспеку стварэння ўяўнага экалагічнага камуфляжу (greenwashing) і ўяўнай сацыяльнай адказнасці (social washing) – практык, калі прадпрыемствы падманам ствараюць сабе высакародны імідж, што ў выніку падрывае давер да рынкаў.
Касцёл у Італіі вызначыў спіс сектараў, інвестанне ў якія цалкам выключаецца. Пад забарону трапіла дзейнасць, звязаная з абортамі, кантрацэпцыяй, эўтаназіяй, даследаваннямі ствалавых клетак, гандлем зброяй, парнаграфіяй, карупцыяй, азартнымі гульнямі і смяротным пакараннем. Табу накладзена на фінансаванне таталітарных дзяржаў ці краін з любой дыскрымінацыяй.
Замест гэтага дакумент заахвочвае накіроўваць сродкі ў кампаніі, якія клапоцяцца пра правы рабочых, праводзяць прасямейную палітыку, гарантуюць роўнасць заробкаў і падтрымліваюць жанчын-кіраўнікоў.
Афіцыйная прэзентацыя новых прынцыпаў адбудзецца 9 чэрвеня 2026 года ў Мілане, у штаб-кватэры Італьянскай біржы, з удзелам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі кардынала Матэа Дзупі.