Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кенійскі біскуп: святыня – не месца для палітычных агітацый

Кенія набліжаецца да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца 10 жніўня 2027 года. З гэтай нагоды біскуп дыяцэзіі Накуру Клеафас Осэса Тука нагадаў, што святыня не можа выкарыстоўвацца ў якасці перадвыбарчых платформ.

Ян Глінскі

Гэтую перасцярогу іерарх усходнеафрыканскай краіны агучыў 9 мая 2026 года падчас кансэкрацыі каталіцкага касцёла Святой Альжбеты Венгерскай у Шока (філіял парафіі Ланга Ланга ў дыяцэзіі Накуру). “Касцёлы павінны заставацца месцамі малітвы і абвяшчэння Божага Слова, а не станавіцца палітычнымі платформамі, – падкрэсліў біскуп Осэса. – Па меры набліжэння выбарчага сезона палітыкі могуць прыходзіць, робячы выгляд, што моляцца з намі, але на самой справе шукаючы магчымасці для агітацыі. Мы не можам дазволіць, каб касцёл стаў палітычнай арэнай. Няхай палітыка адбываецца ў іншых месцах – на рынках, у намётах або ў публічных месцах, – а касцёл няхай застаецца святым месцам культу і малітвы”.

Біскуп дыяцэзіі Накуру заклікаў таксама да адказнага выканання даручаных служэнняў. “Калі вас абралі служыць катэхетамі, служыце верна. Калі вас паклікалі да святарства, служыце. Калі вы сталі біскупамі, служыце. Калі вы кіруеце хорам, служыце. Кожная паслуга ў Касцёле з’яўляецца заклікам да служэння, – нагадаў іерарх. – Мы ніколі не павінны выкарыстоўваць сваё становішча ўлады для эгаістычнай карысці”.

Біскуп Осэса заклікаў да належнага выкарыстання новакансэкраванай святыні. “Калі мы прыходзім у касцёл, то прыходзім, каб пачуць толькі адзін голас – голас Бога”, – падкрэсліў ён.

15 мая 2026, 10:22