Нунцый ва Украіне: атакі сведчаць пра нежаданне спыніць вайну
Марыя Валодзіна - Vatican News
Апостальскі нунцый ва Украіне апісаў сітуацыю як трагічную і адзначыў, што апошнія гадзіны сталі вельмі цяжкімі для ўсёй краіны. У выніку найбуйнейшай атакі Расіі з пачатку вайны толькі ў Кіеве загінулі не менш за 24 чалавекі, яшчэ 48, у тым ліку дзеці, атрымалі раненні.
Адказваючы па тэлефоне на пытанні ватыканскіх СМІ, дыпламат паведаміў, што 13-14 мая ўкраінскія ўлады налічылі больш за 1500 дальнабойных беспілотнікаў, якія даляцелі да заходніх гарадоў – Івана-Франкоўска, Ужгарада і іншых. Затым, уначы, надышла чарга Кіева. Былі выкарыстаны беспілотнікі і каля 60 ракет, пераважна балістычных.
Асаблівую занепакоенасць арцыбіскупа Кульбокаса выклікаюць атакі на гуманітарныя місіі. Ён паведаміў, што ў Херсоне быў абстраляны аўтамабіль ААН, які належыць Упраўленню па каардынацыі гуманітарнай дапамогі. Паводле нунцыя, такія транспартныя сродкі маюць выразныя апазнавальныя знакі і загадзя паведамляюць пра свае перамяшчэнні як украінскім, так і расійскім уладам. На яго думку, падобныя атакі выглядаюць наўмыснымі і накіраванымі на тое, каб пазбавіць насельніцтва гуманітарнай падтрымкі. Гэта не першы выпадак, калі атакуюць гуманітарных работнікаў на выразна пазначаных транспартных сродках, - адзначыў ён.
Арцыбіскуп Кульбокас таксама паведаміў, што некаторыя асколкі ракет упалі на тэрыторыі апостальскай нунцыятуры. І хоць сур’ёзных пашкоджанняў будынкам і людзям нанесена не было, ракетныя ўдары працягваюцца. Раніцай 15 мая супрацоўнікі нунцыятуры зноў знайшлі новыя фрагменты ракет.
Апостальскі нунцый падтрымлівае сувязь з мясцовымі рэлігійнымі супольнасцямі. З размовы з айцом Рафаілам Стэфуракам, пробашчам парафіі святога Васіля Вялікага пры базыльянскім кляштары ў Кіеве, які знаходзіцца прыкладна за паўтара кіламетра ад нунцыятуры, падчас рамонту даху выявілі 57 прабоін ад беспілотнікаў і асколкаў ракет, атрыманых за апошнія месяцы. Дах патрабаваў тэрміновага рамонту, бо рызыкаваў абваліцца, - патлумачыў арцыбіскуп Кульбокас.
Найбольш цяжкая сітуацыя, на думку нунцыя, склалася ў раёнах на левым беразе Дняпра ў Кіеве, дзе ў выніку ўдару быў пашкоджаны і разбураны шматпавярховы будынак. На момант запісу інтэрв'ю колькасць загінулых складала 16 чалавек, а раніцай 15 мая, пасля завяршэння пошукавых работ, яна вырасла да 24 загінулых і дзясяткаў параненых.
Арцыбіскуп Кульбокас паведаміў, што дыпламаты, з якімі ён абмяркоўваў сітуацыю, лічаць такую інтэнсіўнасць бамбардзіровак не добрым знакам. Хутчэй, яна сведчыць пра жаданне працягваць вайну. “Нам застаецца толькі маліцца за мір”, - заключыў ён.